У судзе 28-гадовы аўстраліец Брэнтан Тарант не паказаў раскаяння

16 марта 2019

Усяго некалькі хвілін доўжылася пасяджэнне суда, на якім прад’явілі абвінавачанні стралку з Крайстчэрча. Як паведамляюць мясцовыя СМІ, падчас слухання 28-гадовы аўстраліец Брэнтан Тарант не паказаў раскаяння, а падчас фотаздымкі дэманстраваў  нацысцкія жэсты. Мужчына застанецца пад вартай да наступнага слухання. Яно адбудзецца 5 красавіка. Пры гэтым яго адвакат заявіў, што не будзе прасіць суд вызваліць Таранта пад залог. З вялікай верагоднасцю падсуднаму пагражае пажыццёвы тэрмін. У Новай Зеландыі зараз смуткуюць па ахвярах учарашняга крывавага тэракта. Людзі нясуць кветкі і свечкі да месцаў трагедый. Лічба загінуўшых вырасла да 50 чалавек, яшчэ каля 40 пацярпелых у бальніцах. Прэм'ер-міністр краіны выступіла са зваротам, у якім заявіла аб намерах узмацніць жорсткасць зброевага закону ў краіне. Зараз, паводле апошніх даных, больш як 90 працэнтаў зброі ў Новай Зеландыі не рэгіструецца.

Джасінда Ардэрн,  прэм'ер-міністр Новай Зеландыі:  "Пакуль ідзе праца над зменамі працэдуры атрымання ліцэнзіі на зброю і ўладання ёй. У злачынца была ліцэнзія на зброю. Яна была набыта ў снежні мінулага года. Зараз нашы зброевыя законы зменяцца. Такія спробы ўжо прадпрымаліся ў 2005 і 2012 гадах, а ў 2017-тым адбылося даследаванне гэтага пытання. Але зараз настаў час перамен". 

Нагадаем, напярэдадні ўзброеныя людзі  напалі адразу на дзве мячэці падчас дзённай малітвы.