У ЗША сёння асноўны дзень прэзідэнцкіх выбараў

8 ноября 2016

Галасаванне пачалося раніцай і працягваецца ў гэтыя хвіліны ва ўсіх штатах. Акрамя кіраўніка Белага дома амерыканцы выбіраюць кангрэсменаў і выказваюцца па новых заканадаўчых ініцыятывах. Яўка сёлета абяцае стаць рэкорднай. На ўчастках вялізныя чэргі. Дарэчы, свой выбар зрабіла ўжо і сама Хілары Клінтан - кандыдат ад дэмакратаў.

Больш за тое, 46 мільёнаў чалавек ужо прагаласавалі датэрмінова. Гэта самы высокі паказчык за ўсю гісторыю ЗША. Перад днём выбараў Клінтан і Трамп наведалі штаты, якія вагаюцца, - Нью-Гэмпшыр, Паўночную Караліну і Фларыду. Жыхары гэтых мясцін ад кампаніі да кампаніі мяняюць перавагі, таму за іх і ідзе асноўная барацьба.

Хілары Клінтан, кандыдат у прэзідэнты ЗША: "Гэта найбольш важныя выбары ў нашым жыцці, таму што ў нас ніколі яшчэ не было больш выразнага і відавочнага выбару!"

Дональд Трамп, кандыдат у прэзідэнты ЗША: "Вы можаце ўявіць, што вам давядзецца цярпець Клінтан чатыры гады? Можаце? Хілары Клінтан верная толькі сваім інтарэсам і пажаданням яе донараў. А мая адзіная цікавасць - гэта вы, паверце. Таму я і задумаў усё гэта. Гэтай ноччу амерыканскі рабочы клас нанясе ўдар у адказ".

Шанцы на перамогу ёсць у абодвух кандыдатаў. Вынікі выбараў стануць вядомыя заўтра раніцай. Букмекерскія канторы працягваюць прымаць стаўкі. Каэфіцыент на перамогу Клінтан два да пяці. У Трампа пяць да двух.

А ў Расіі прадказанне вынікаў амерыканскага галасавання даручылі жывёлам. У заапарку Краснаярска мядзведзю і тыгрыцы далі два гарбузы – з партрэтамі Клінтан і Трампа. Галасы звяроў падзяліліся. Мядзведзь з'еў гарбуз з партрэтам мільярдэра. А тыгрыца аддала перавагу экс-кіраўніку Дзярждэпа. Для чысціні эксперыменту начынка ў гарбузах была аднолькавая - з мясам і рыбай.