У ЗША працягваецца самы доўгі за ўсю гісторыю краіны шатдаўн

16 января 2019

Шматлікія амерыканскія ведамствы не працуюць з 22 снежня. Прычына - прэзідэнт Дональд Трамп адмаўляецца адобрыць бюджэт краіны, калі ў ім не будзе ўлічана фінансаванне будаўніцтва сцяны на мяжы з Мексікай. А дэмакраты адмаўляюцца вылучыць на гэта сродкі. Выхаду пакуль не прадбачыцца. Тым часам усё больш супрацоўнікаў розных ведамстваў не атрымліваюць зарплату. На сённяшні дзень іх каля 800 тысяч, сярод іх - 50 тысяч чалавек - адміністрацыя прэзідэнта Трампа прымусіла вярнуцца на неаплачаную працу. Гэта чыноўнікі, якія займаюцца выплатай падатковых кампенсаванняў, кантролем за бяспекай палётаў і паставак харчавання і медыкаментаў у краіне. Напярэдадні ўпершыню за ўсю гісторыю засталіся без зарплат амерыканскія авіядыспетчары. Сёння да іх "далучыліся" вайскоўцы. Аднак зусім без сродкаў сілавікі не застануцца. Дабрачынная арганізацыя ахвяравала вайскоўцам 15 мільёнаў долараў. А тым часам у ЗША падлічылі, колькі будзе каштаваць шатдаўн. Калі ўрад не запрацуе да канца студзеня, эканоміка Штатаў запаволіцца на паўпрацэнта.