У ЗША асноўны дзень галасавання на выбарах прэзідэнта

8 ноября 2016

Сёння ўвага ўсяго свету прыкаваная да падзеі, якая стане вырашальнай у далейшым лёсе Амерыкі. У ЗША асноўны дзень галасавання на выбарах прэзідэнта. Галоўных кандыдатаў два - гэта Хілары Клінтан і Дональд Трамп. Яны прадстаўляюць буйныя партыі краіны - Дэмакратычную і Рэспубліканскую. Гэтую перадвыбарную гонку ўжо назвалі самай скандальнай у гісторыі. Нядзіўна, бо на працягу ўсяго часу кандыдаты не скупіліся на абразы, чуткі, пагрозы і кампраматы. Зрэшты, як гаворыцца, на вайне ўсе сродкі добрыя. Нагадаем, прэзідэнт ЗША выбіраецца не прамым галасаваннем. Ужо вызначаная калегія выбаршчыкаў. Жыхары кожнага штата вырашаюць, каго падтрымаюць іх прадстаўнікі - на спецыяльным з'ездзе. Як правіла, гэта кангрэсмены, былыя вайскоўцы або медыяперсоны. Для перамогі Клінтан або Трампу трэба заручыцца падтрымкай мінімум 270-ці дэлегатаў. Акрамя таго, разам з кіраўніком дзяржавы жыхары штатаў выбіраюць членаў абедзвюх палат кангрэса і галасуюць па розных заканадаўчых ініцыятывах. Імя новага кіраўніка Белага дома свет даведаецца ўжо заўтра. За ходам выбарчай кампаніі ў ЗША сочаць і нашы карэспандэнты.

Расказвае Юрый Казлоў. Дыксвіл Нотч - невялікая вёска ў штаце Нью-Гэмпшыр на мяжы з Канадай - сёння стала вядомай на ўвесь свет. Тут адкрыўся першы ў ЗША выбарчы ўчастак. Адсюль прыйшлі і першыя вынікі галасавання. Апрацоўка бюлетэняў заняла рэкордна кароткі час. Усяго ў Дыксвіл Нотч зарэгістраваныя 8 выбаршчыкаў. Чацвёра падтрымалі Хілары Клінтан, двое Дональда Трампа. Адзін з жыхароў вёскі прагаласаваў за Гэры Джонсана - гэта альтэрнатыўны кандыдат ад Лібертарыянскай партыі. Яшчэ адзін - за рэспубліканца Міта Ромні. Ён не ўдзельнічае ў гонцы, але ў амерыканскіх бюлетэнях заўсёды ёсць пусты радок, у які можна ўпісаць любое імя.

Калі, напрыклад, Каліфорнія заўсёды галасуе за дэмакратаў, а Тэхас - за рэспубліканцаў, то Нью-Гэмпшыр разам з Паўночнай Каралінай і Фларыдай лічацца штатамі, якія вагаюцца. Рашэнне іх жыхароў сур'ёзна ўплывае на зыход усёй кампаніі. Таму паездку ў штаты, якія вагаюцца, кандыдаты традыцыйна адкладваюць да апошняга, добра што традыцыйнага для Еўропы дня цішыні ў ЗША няма. Агітацыя дазволеная нават сёння.

Дональд Трамп, кандыдат у прэзідэнты ЗША: "Вы можаце ўявіць, што вам давядзецца цярпець Клінтан чатыры гады? Можаце? Хілары Клінтан верная толькі сваім інтарэсам і пажаданням яе донараў. А мая адзіная цікавасць - гэта вы, паверце. Таму я і задумаў усё гэта. Гэтай ноччу амерыканскі рабочы клас нанясе ўдар у адказ".

Галоўнай тэмай выступленняў Трампа застаюцца скандалы, у якіх замяшаная яго апанент. Гэта і парушэнне правілаў службовай перапіскі на пасадзе кіраўніка Дзярждэпа, і карупцыйныя схемы, у якіх мог быць замяшаны дабрачынны фонд Клінтанаў, і няўдалая палітыка экс-дзяржсакратара на Блізкім Усходзе. Таксама Трамп часта гаворыць, што вынікі выбараў будуць сфальсіфікаваныя. Мільярдэр нават адкрыў гарачую лінію, па якой можна паведаміць аб парушэннях. Дарэчы, уразлівасць нацыянальнай выбарчай інфраструктуры для атак хакераў на днях прызнала нават Міністэрства ўнутранай бяспекі.

Клінтан у той жа час спрабуе сыграць на эмоцыях выбаршчыкаў. Сёння яна паўдзельнічала ў папулярным інтэрнэт-флешмобе Mannequin Challenge – калі людзі заміраюць быццам манекены. Пацешную акцыю арганізавалі на борце самалёта палітыка. А на апошняе выступленне ў Паўночнай Караліне Клінтан прыйшла з мужам і дачкой. Дарэчы, на днях у Сетцы з'явіліся прызнанні былога ахоўніка Белага дома, які сцвярджае, што ў свой час Хілары біла мужа. Зрэшты, было за што. Да таго ж такія падрабязнасці сямейнага жыцця напэўна прыцягнуць на бок Клінтан частку жаночага электарату, нездаволенага сваімі мужамі, лічаць палітолагі.

Біл Клінтан, экс-прэзідэнт ЗША: "Дзякуй вам за тое, што вы тут! Я прашу ўсіх застацца з намі да таго часу, пакуль апошні чалавек у гэтым штаце не аддасць свой голас за Хілары Клінтан".

Хілары Клінтан, кандыдат у прэзідэнты ЗША: "Гэта найбольш важныя выбары ў нашым жыцці, таму што ў нас ніколі яшчэ не было больш выразнага і відавочнага выбару!"

Гэтыя выбары сапраўды падзялілі краіну - настолькі розныя погляды на будучыню Амерыкі ў абодвух кандыдатаў. Клінтан мае намер працягваць курс Абамы, толькі больш жорстка, і многія гэтаму не радыя. Трамп жа выступае ў ролі барацьбіта з карумпаванай сістэмай, не саромеючыся ў той жа час прапаноўваць ледзь не рэпрэсіі ў дачыненні да мусульман і мігрантаў. Перад асноўным днём галасавання штаб мільярдэра забараніў яму карыстацца Twitter, каб рэспубліканец не змог абразіць яшчэ якую-небудзь частку грамадства.

Сёлета, выкарыстоўваючы наіўнасць шэрагу выбаршчыкаў, на перадвыбарнай кампаніі вырашылі нажыцца ашуканцы. Дэбара Уільямс - грамадскі актывіст з Чыкага і прыхільніца Хілары Клінтан - убачыла на вуліцах постары са сваёй фатаграфіяй. У подпісе невядомыя зламыснікі заклікалі людзей галасаваць не на ўчастках, а эсэмэскай на кароткі нумар. Колькі выбаршчыкаў сталі ахвярамі аферы, высвятляецца.

Зрэшты, адчувальнага ўплыву на яўку такія хітрыкі не аказалі. Яна сёлета вельмі высокая. Толькі ў датэрміновым галасаванні прынялі ўдзел 46 мільёнаў амерыканцаў - гэта больш чым 40 працэнтаў усіх выбаршчыкаў. Гістарычны рэкорд. Датэрміновае галасаванне было азмрочанае двума сур'ёзнымі інцыдэнтамі. Першы датычыўся націску на расійскіх назіральнікаў з боку ФБР - пра такія факты паведаміла Міністэрства замежных спраў Расіі. Другі ледзь не завяршыўся зрывам волевыяўлення ў адным з населеных пунктаў Агая. У трансфарматарную будку залезла вавёрка. Адбылося замыканне, якое вывела са строю аўтаматы для галасавання.

Зараз у ЗША поўдзень. Асноўны дзень выбараў у разгары. У буйных гарадах галасаванне праходзіць на фоне ўзмоцненых мер бяспекі. Гэта выклікана пагрозамі тэрактаў з боку групоўкі "Ісламская дзяржава". Асаблівую ўвагу праваахоўнікі надаюць Нью-Ёрку - тут знаходзяцца штаб-кватэры кандыдатаў ад партый-канкурэнтаў. Упершыню ў гісторыі па суседстве. Раніцай стала вядома, што Хілары Клінтан адмяніла святочны феерверк, якім хацела адзначыць сваю перамогу. Прычыны такога рашэння не паведамляюцца. А вось вечарынка Трампа застаецца ў сіле. Хто ж у выніку будзе святкаваць перамогу, а хто запіваць паражэнне - стане вядома заўтра. Асноўная частка ўчасткаў у ЗША зачыніцца а сёмай гадзіне раніцы па Мінску, яшчэ праз гадзіну завершыцца галасаванне на Алясцы.