У Савеце Бяспекі ААН абмяркоўваюць інцыдэнт у Керчанскім праліве

26 ноября 2018

Вось ужо больш як суткі ў цэнтры ўвагі сусветных СМІ інцыдэнт у Керчанскім праліве. 25 лістапада расійскім бокам былі затрыманы судны, што належаць украінскім Ваенна-марскім сілам, - два бранякатары "Бярдзянск" і "Нікапаль", а таксама буксір "Яны Капу". Як сцвярджае расійскі бок, яны спрабавалі прайсці без дазволу, з-за чаго была прыменена сіла. Зараз судны знаходзяцца ў Керчы, а з экіпажам працуюць расійскія следчыя. У Расіі заяўляюць, што інцыдэнт у Керчанскім праліве - гэта спланаваная правакацыя Кіева. У Кіеве ж абвінавачваюць Расію ў агрэсіі. Уначы ў сталіцы Украіны сабраўся Савет нацыянальнай бяспекі і абароны з удзелам прэзідэнта і прыняў рашэнне ўвесці ваеннае становішча на 60 дзён. Такое рашэнне прынята ўпершыню за ўсю гісторыю Украіны і не прымянялася нават у перыяд актыўных баявых дзеянняў на Данбасе.

Ужо на абмеркаванні ў Вярхоўнай радзе дэпутаты выявілі, што распаўсюджаны праект указа адрозніваецца ад праекта, размешчанага на сайце прэзідэнта. У ім выявілася, што разам з ваенным становішчам уводзяцца абмежаванні на правы і свабоды грамадзян, што фактычна зрывае паўнавартасны ўдзел маючых адбыцца ў сакавіку прэзідэнцкіх выбарах кандыдатаў ад розных палітычных сіл. Пасля абурэння дэпутатаў прэзідэнт прапанаваў скараціць тэрмін ваеннага становішча да 30 дзён. Канчатковае рашэнне яшчэ не прынятае.

А ў гэтыя хвіліны сітуацыю разглядаюць у Савеце Бяспекі ААН. Пасяджэнне стартавала дзве гадзіны таму і яшчэ працягваецца.

З Нью-Ёрка перадае наш спецыяльны карэспандэнт Міхаіл Камадоўскі.

Інцыдэнт у Керчанскім праліве стаў нагодай для аб'яўлення Пятром Парашэнкам ваеннага становішча ў краіне. Камітэт Вярхоўнай рады па нацбяспецы ўказ ужо адобрыў. Зараз у Нью-Ёрку праходзіць нечарговае пасяджэнне Савета Бяспекі ААН на тэму "Падтрыманне міжнароднага міру і бяспекі". Прапаноўваю ўспомніць дэталі інцыдэнту.

Учора каля 7 раніцы тры караблі Ваенна-марскіх сіл Украіны ўвайшлі ў тэрытарыяльныя воды Расіі. Не атрымаўшы дазволу, на хуткасці накіраваліся да Керчанскага праліва. Расійскаму пагранічнаму буксіру прыйшлося ісці на навал.

Украінскія судны рух прадоўжылі, прыйшлося прымяніць сілу. Паведамляецца аб трох параненых мараках, пасля прыбыцця ў Керч іх даставілі ў бальніцу.

Антон Лазавой, супрацоўнік пагранупраўлення ФСБ па Крыме: "Тры судны Ваенна-марскіх сіл Украіны, парушыўшы артыкулы 19 і 21 Канвенцыі ААН па законе мора, перасеклі дзяржаўную мяжу Расійскай Федэрацыі. Зброя выкарыстоўвалася, каб вымусіць украінскія ваенныя караблі спыніцца. У выніку ўсе тры судны былі затрыманыя ў тэрытарыяльных водах Расійскай Федэрацыі ў Чорным моры".

У сувязі з інцыдэнтам у Керчанскім праліве быў скліканы савет па нацыянальнай бяспецы, на якім было прынята рашэнне аб увядзенні ва Украіне ваеннага становішча. Указ падпісаў і прэзідэнт Украіны.

Пётр Парашэнка, Прэзідэнт Украіны: "Ваеннае становішча не абазначае аб'яўлення вайны. Украіна не плануе змагацца з кім-небудзь. Гэта будзе аб'яўлена толькі для абароны Украіны, нашай тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэту і незалежнасці дзяржавы".

Увядзенне ваеннага становішча неадназначна ўспрынялі ў Вярхоўнай радзе. Дэпутатаў абурыла тое, што яно прадугледжвае абмежаванне грамадзянскіх правоў і свабод. Гэта ў першую чаргу паўплывае на прэзідэнцкія выбары, якія былі запланаваны на сакавік.

У перыяд дзеяння ваеннага становішча могуць абмяжоўваць свабоду СМІ, дзейнасць палітпартый, забараняць акцыі пратэсту - усё тое, з чаго і складаецца выбарчая кампанія. Патэнцыяльныя кандыдаты не змогуць весці паўнавартасную перадвыбарную агітацыю. І нават калі ваеннае становішча не падоўжаць, астатніх двух-трох месяцаў вельмі мала для раскруткі, але затое дастаткова, каб на хвалі ваеннай істэрыі ў перадвыбарным рэйтынгу лідары і аўтсайдары памяняліся месцамі.

Вось як каментуюць канфлікт і наступныя рашэнні кіеўскай улады ўкраінскія палітолагі.

Уладзімір Карнілаў, палітычны аглядальнік: "У 2014 г. Украіна разам з Данбасам і Крымам страціла фактычна ўвесь свой флот (у тым ліку, дарэчы, і той самы буксір, які страціла ўчора зноў). Падчас вайны загінула 10 тысяч чалавек, адбыліся розныя катлы, Украінай страчана львіная доля баявой авіяцыі. Пры гэтым ваеннае становішча не ўводзілася. Што ж такога страшнага і экстраардынарнага адбылося ўчора, раз спатрэбілася яго ўводзіць? Пытанне, як вы разумееце, рытарычнае; адказ усім вядомы".

Ігар Гужва, галоўны рэдактар украінскага інтэрнэт-выдання СТРАНА.UA: "Галоўная мэта - перанос выбараў прэзідэнта на восень. Плюс зачыстка СМІ, палітычнага поля і прыручэнне буйнога бізнесу".

Ва Украіне зараз неспакойна, асабліва ў раёнах, дзе знаходзяцца расійскія дыпмісіі. У Кіеве недалёка ад пасольства згарэў аўтамабіль з дыпламатычнымі нумарамі Расіі. З вечара там праходзілі пратэсты радыкалаў. Мітынгоўцы закідвалі будынак дымавымі шашкамі, спрабавалі паліць покрыўкі. Спробы атак былі таксама распачатыя ў Адэсе, Харкаве і Львове. МЗС Расіі адказаў жорсткай заявай.

Сяргей Лаўроў, міністр замежных спраў Расіі: "Што да ўчарашняга інцыдэнту, гэта адназначна правакацыя. Былі парушаны ключавыя палажэнні міжнароднага права, не толькі марскога, але і агульнага міжнароднага права, у тым ліку Статута ААН і Канвенцыі марскога права 1982 года і іншыя міжнародна-прававыя інструменты, якія патрабуюць ад усіх дзяржаў паважаць суверэнітэт іншай дзяржавы".

Ці завершыцца сённяшняе пасяджэнне Савета Бяспекі ААН канкрэтным рашэннем - сказаць складана, тым больш што ў Расіі ў Савеце Бяспекі ёсць права вета. Кіеў жа разлічвае на падтрымку з боку НАТА і "вялікай сямёркі". Што да Еўрасаюза, там пакуль узялі паўзу да заўтра. На аўторак прызначана пасяджэнне камітэта па палітыцы і бяспецы Еўрасаюза. Пакуль жа гучаць толькі вусныя каментарыі.