У штаб-кватэры Нацыянальнага фронту Марын Ле Пэн прайшоў вобыск

21 февраля 2017

Паліцыя расследуе справу аб фіктыўным працаўладкаванні двух памочнікаў кандыдата ў прэзідэнты Францыі. Еўрапейскае бюро па барацьбе з махлярствам лічыць, што палітык павінна вярнуць у казну 340 тысяч еўра. Такая сума была выплачаная памочнікам Ле Пэн у якасці зарплаты. Сама кіраўнік Нацыянальнага фронту ўсе абвінавачанні адмаўляе. Паводле апытанняў, у Ле Пэн ёсць усе шанцы атрымаць перамогу ў першым туры красавіцкіх выбараў. Але ў другім раўндзе, як мяркуецца, нацыяналістка саступіць экс-міністру эканомікі Эмануэлю Макрону.

Дарэчы, сёння Ле Пэн апынулася ў цэнтры яшчэ аднаго скандалу - гэтым разам з рэлігійным ухілам. Падчас візіту ў Ліван яна адмовілася апранаць хустку перад сустрэчай з вярхоўным муфтыем гэтай краіны. Пры гэтым у заяве прэс-службы муфтыя адзначаецца, што лідара французскіх ультраправых загадзя папярэдзілі аб патрабаванні прыйсці на перамовы з пакрытай галавой. Сустрэча ў выніку не адбылася.