У Шанхаі адкрыўся найбуйнейшы міжнародны аўтасалон

22 апреля 2013
17 выставачных залаў, 2000 экспанентаў з 20 краін і каля паўтары тысячы аўтамабіляў.

 

З навінкамі сусветнага аўтапрама пазнаёмілася Вольга Давідовіч. Пасля двухгадовага перапынку сліўкі сусветнага аўтапрама і іх кітайскія калегі ізноў вяртаюцца на міжнародны аўтасалон у Шанхай, каб прадэманстраваць свае апошнія навінкі. Спачатку выстава адчыніла свае дзверы прадстаўнікам СМІ, а ўжо сёння яе змогуць наведаць мясцовыя аўтааматары. А паглядзець ёсць на што - больш за сотню прэм'ер, і ў першых радах - прэміум-брэнды. Так, Мазэраці прадэманстраваў свой новы спартыўны седан Гіблі - першы ў гісторыі гэтага італьянскага вытворцы аўтамабіль з дызельным рухавіком. Яго матор дазваляе набраць першую сотню за 4 з паловай секунды, а максімальная хуткасць - 307 кіламетраў за гадзіну. Парадуе аўтааматараў і Сітраэн - поўнапамерны красовер Wild Rubis. Паводле слоў аўтамабільных аглядальнікаў, ён мае гіпнатычны погляд дзякуючы ўдасканаленай галаўной оптыцы. А новы BMW X-4 ужо назвалі самым брутальным аўтамабілем года. Такая цікавасць аўтагігантаў да гэтага аўтасалона цалкам прадказальная. Ахопленая крызісам Еўропа не занадта ахвотна купляе дарагія машыны, тады як попыт на іх у Кітаі застаецца высокім. Рынак адных пазадарожнікаў у Кітаі вырас у першым квартале на 43%, а да 2016 года краіна, як чакаецца, абыдзе ЗША як першы рынак машын класа прэміум. Для некаторых брэндаў, напрыклад Land Rover і Jaguar, Паднябесная ўжо стала асноўным рынкам збыту. А Форд ужо пабудаваў трэці завод у Кітаі па вытворчасці сваіх аўто. Кампанія Ford прадэманстравала ў Шанхаі адроджаны Ford Escort, які мае традыцыйны для маркі дызайн, дарэчы, вельмі папулярны ў Паднябеснай. Хутчэй за ўсё, новы Escort будзе прадавацца толькі ў Кітаі.  Шмат на выставе і гібрыдаў, што, зрэшты, не дзіўна. Машын у Паднябеснай сёння столькі, што дыхаць няма чым. Адзінае, што можа выратаваць экалогію - гэта электракар. Новы канцэпт Buick Riviera як раз такі. Ён абсталяваны гібрыднай сілавой усталёўкай, яго батарэі ўпершыню можна зараджаць не толькі ад разеткі, але і пры дапамозе бескантактнай сістэмы. А Range Rover Sport месяц туіу ўжо паспяхова паказвалі ў Нью-Ёрку. Зараз прыйшла чарга і кітайскай публікі.