У Санкт-Пецярбургу на два дні прадоўжана жалоба па ахвярах крушэння самалёта А-321 авіякампаніі "Кагалымавія". У аэрапорт Пулкава прыбываюць спецрэйсы з Егіпта - ужо два самалёты МНС даставілі целы загінуўшых і асабістыя рэчы пасажыраў. Гэтым вечарам чакаюць трэці рэйс. Пошукавая аперацыя на месцы катастрофы працягваецца. Тэрыторыю, дзе працуюць эксперты, афіцыйна пашырылі да 30 квадратных кіламетраў.
Аляксей Смірноў, першы намеснік начальніка Нацыянальнага цэнтра кіравання ў крызісных сітуацыях МНС Расіі: "Завершаны другі этап правядзення пошукавай аперацыі, падчас якога падраздзяленнямі ратавальнікаў было абследавана больш за 20 квадратных кіламетраў тэрыторыі. Пошукі праводзяцца 4 мабільнымі групамі. Сёння з 7 гадзін зводны атрад МНС Расіі пачаў трэці этап пошукавай аперацыі. Згодна з удакладненым планам, плошча пошуку пашырана да 30 квадратных кіламетраў".
Прычыны крушэння пакуль высвятляюць. Эксперты знайшлі элементы, якія не адносяцца да канструкцыі лайнера, паведамілі крыніцы ў Каіры. Іх адправілі на экспертызу. Раней тэлеканал CBS-NEWS праінфармаваў, што амерыканскі спадарожнік зафіксаваў цеплавую ўспышку ў момант падзення аэробуса. Гэта можа сведчыць пра выбух у паліўным баку або пра бомбу. Аднак у Пентагоне гавораць, што ўспышка можа быць звязана з ударам аб зямлю. Ужо з'явіліся першыя звесткі аб расшыфроўцы чорных скрынь. На запісе перамоў пілоты нічога не паведамляюць пра непаладкі на борце, аднак непасрэдна перад момантам, калі самалёт знік з радараў, на запісе бартавых самапісцаў былі чутныя нехарактэрныя для штатнага палёту гукі. На поўную расшыфроўку чорных скрынь можа пайсці чатыры тыдні. Нагадаем, трагедыя здарылася 31 кастрычніка. У авіякатастрофе загінулі ўсе 224 чалавекі.













