У Растове-на-Доне разбіўся пасажырскі "Боінг-737"

19 марта 2016

У Растове-на-Доне сёння ноччу пры паўторным заходзе на пасадку разбіўся пасажырскі "Боінг-737" авіякампаніі Fly Dubai. На яго борце знаходзіліся 62 чалавекі. Усе яны загінулі. Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка ад імя беларускага народа і сябе асабіста выказаў глыбокія спачуванні Прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну, усяму расійскаму народу, родным і блізкім загінуўшых.

Паводле інфармацыі МНС, сярод членаў экіпажа былі два іспанцы, кіпрыёт, а таксама грамадзяне Сейшэл, Кыргызстана і Калумбіі. Большасць пасажыраў - жыхары Растоўскай вобласці, якія вярталіся дамоў пасля адпачынку ў Дубаі, а таксама пяць іншаземцаў: двое з Украіны і грамадзяне Індыі і Узбекістана. Як паведамілі ў прэс-службе МЗС нашай краіны, грамадзян Беларусі на борце самалёта не было.

Дыспетчары аэрапорта Растова-на-Доне ўсю мінулую ноч не адрывалі вачэй ад манітораў: з вечара над полем бушаваў парывісты вецер, быў туман, ішоў моцны дождж. Працаваць даводзілася па фактычным надвор'і: пілоты самі вырашалі, садзіцца ці не. "Боінг 737" кампаніі Fly Dubai кружыў над горадам каля дзвюх гадзін, пасля чаго камандзір усё ж вырашыў рызыкнуць: ён зайшоў на ўзлётна-пасадачную паласу, стаў садзіцца, але ў апошні момант перадумаў. У 3:50 дыспетчары аэрапорта прынялі апошняе паведамленне: "Іду на другі круг". Ад манеўру боінг рэзка задраў нос, зачапіў узлётку фюзеляжам, пасля чаго яго разнесла выбухам на кавалкі. Момант крушэння зафіксавалі камеры назірання, размешчаныя недалёка ад аэрапорта.

Пры такім выбуху шанцаў выжыць не было ні ў каго - загінулі ўсе, хто знаходзіўся на борце.

На месцы крушэння працуюць ратавальнікі. Абломкі лайнера раскіданыя ў радыусе кіламетра. Ужо знойдзена адна з чорных скрынь, яе аддалі на расшыфроўку спецыялістам. Следчыя традыцыйна адпрацоўваюць некалькі версій. Гэта чалавечы фактар, тэхнічная няспраўнасць самалёта або навігацыйнага абсталявання ў аэрапорце. Прыярытэтнай пакуль з'яўляецца памылка пілотаў. Па факце авіякатастрофы Следчы камітэт Расіі ўзбудзіў крымінальную справу аб парушэнні правілаў бяспекі палётаў. У аэрапорце Растова-на-Доне зараз працуе група псіхолагаў, яны аказваюць дапамогу сваякам загінуўшых. У нядзелю ў сувязі з крушэннем самалёта ў рэгіёне аб'яўлены дзень жалобы.