У Расіі прадаўжаецца расследаванне трагедыі на карэльскім Сямазеры

20 июня 2016

Нагадаем, на выхадных адпачывальнікі дзіцячага лагера адправіліся ў паход на лодках. Пачаўся моцны шторм, дзве шлюпкі перавярнуліся. Загінулі 13 дзяцей, адзін прапаў без вестак. Следчыя высвятляюць, чаму паход не адмянілі з-за дрэннага надвор'я і як так выйшла, што на дзецях не было выратавальных камізэлек. У Маскве і Карэліі сёння - дзень жалобы.

Затрыманні, маштабныя праверкі і расследаванне пачаліся адразу пасля таго, як у СМІ з'явілася інфармацыя аб страшнай трагедыі ў Карэліі. У суботу супрацоўнікі мясцовага дзіцячага лагера арганізавалі для дзяцей турпаход па Сямазеры. Чатыры інструктары аздараўленчай установы, нягледзячы на дрэнныя ўмовы надвор'я, пасадзілі ў тры лодкі 47 падлеткаў і выйшлі на ваду. У выніку дзве лодкі перавярнуліся - 13 дзяцей загінулі, адзін згінуў без вестак, яшчэ 12 падлеткаў зараз у бальніцах.

Аляксандр Худзілайнен, кіраўнік Рэспублікі Карэлія:

"Напэўна гэта было ў плане пайсці гэтымі днямі ў лодачны паход. Але прабачце, калі вецер дзьме 14-17 метраў, гэта паўтара - два метра хваля. Ніводны разважны дарослы чалавек у такую хвалю не выйдзе ў маленькае возера, не гаворачы ўжо аб Сямазеры".

Мікалай Сталяроў, мясцовы жыхар:

"Калі яны адправіліся ў турпаход, вышыня хваль не была занадта вялікай. Аднак, далей ад берага яны пачыналі моцна ўздымацца. Вецер быў вельмі моцным, і інструктары прынялі няправільнае рашэнне. Ім было неабходна неадкладна вярнуцца. Інструктары былі неспрактыкаваныя -17-19 гадоў".

Усім ахвярам трагедыі было ад 12 да 13 гадоў. Яны прыехалі на летні адпачынак у лагер "Парк-атэль Сямазера" з Масквы і Маскоўскай вобласці.

Целы загінуўшых ужо дастаўленыя ў Маскву. Там праходзіць працэдура апазнання. Па справе аб гібелі школьнікаў затрыманыя пяць чалавек. Гэта дырэктар лагера, яго намеснік, два інструктары і важаты. Ім пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі. Улады Карэліі маюць намер закрыць "Парк-атэль Сямазера".

Ігар Панін, кіраўнік Паўночна-заходняга рэгіянальнага цэнтра МНС Расіі:

"Самым дрэнным было тое, што ніхто не мог патэлефанаваць. Тэлефоны апынуліся ў вадзе і ніхто не мог паведаміць аб тым, што адбылося. Адміністрацыя лагера не кантралявала маршрут турпаходу. Мы страцілі шмат часу".

У сувязі з трагічным здарэннем панядзелак абвешчаны ў Карэліі і Маскве днём жалобы. З-за занепакоенасці насельніцтва аб бяспецы дзяцей падчас летняга адпачынку маштабныя праверкі пройдуць у многіх дзіцячых летніх установах па ўсёй тэрыторыі Расійскай Федэрацыі.