У прыгарадзе Аклахома-Сіці ідзе выратавальная аперацыя

21 мая 2013

Завяршыць яе  трэба максімальна хутка. 24 школьнікі могуць знаходзіцца пад абломкамі пачатковай школы Плаза Таўэрс, разбуранай наймацнейшым за 20 гадоў тарнада. Метэаролагі папярэджваюць, што прамаруджанне пазбаўляе бацькоў надзеі, на штат могуць абрынуцца новыя смерчы. З-пад руін ужо дасталі жывымі некалькі дзяцей. Зараз Аклахома аб’яўлена зонай стыхійнага бедства.

Расказвае Аляксандра Пінчук.
Прыгарад Аклахома-Сіці Мур прыняў на сябе асноўны ўдар стыхіі. Ураган разбурыў сотні будынкаў, паваліў дрэвы, адкінуў на абочыну аўтамабілі. Асабліва пацярпелі тыя раёны Аклахомы, дзе людзі жылі ў дамах на колах.
Паводле звестак Нацыянальнай метэаралагічнай службы ЗША, хуткасць ветру ў эпіцэнтры стыхіі дасягала 321 кіламетра за гадзіну. Загінуў 51 чалавек. Сотні параненыя. Сярод загінуўшых ёсць дзеці.
Разбор завалаў і пошук тых, хто выжыў, вядзе Нацыянальная гвардыя. Супрацоўнікі экстранных служб прызнаюцца, што такіх разбурэнняў ніколі не бачылі, а самі смерчы відавочцы называюць жахлівымі.
У стане шоку шматлікія проста сядзяць перад развалінамі сваіх дамоў і нічога не робяць. Метэаролагі папярэджвалі пра магчымасць узнікнення тарнада, але такога ўдару стыхіі, здаецца, ніхто не чакаў. Вакол пажары. Усё разбурана, нібы перамолата гіганцкім блендарам. Рана і гаварыць пра тое, што ўсё ў мінулым. Паводле прагнозаў сіноптыкаў, смерчы, хутчэй за ўсё, яшчэ вернуцца.