У Партугаліі наспявае палітычны крызіс

4 июля 2013

Крызісны запал у Еўропе зноў успыхнуў. Гэтым разам у фокусе - Партугалія, дзе наспявае палітычны крызіс. Меры бюджэтнай эканоміі зацягнуліся, незадаволеныя людзі выходзяць на вуліцы. У знак пратэсту міністр замежных спраў краіны Паўлу Порташ падаў у адстаўку, сваю пасаду пакінуў таксама міністр фінансаў Віктар Гаспар. Апошні заявіў, што давер да яго быў падарваны няздольнасцю ўрада дамагчыся выканання ўстаноўленых Еўрасаюзам бюджэтных арыентыраў. Адстаўка міністраў выклікала абвальванне фондавага індэкса Партугаліі амаль на 7% - гэта наймацнейшы спад з кастрычніка 2008 года. Пагоршылася становішча і адзінай еўрапейскай валюты. Сёння еўра таргуецца ніжэй за адзнаку 1,3 долара. Эксперты прадказваюць Партугаліі грэчаскі лёс - там вострая фаза эканамічнага крызісу пачалася менавіта з крызісу палітычнага.