У аснову 640-старонкавай кнігі леглі два сшыткі з рэлігійнымі разважаннямі Караля Вайтылы, які ўзыйшоў на папскі прастол 1978-м годзе. Дзённікі ахопліваюць перыяд з 1962 па 2003 год. Іх перадаў аднаму з варшаўскіх выдавецтваў асабісты сакратар нябожчыка пантыфіка Станіслаў Дзівіш. Шматлікія каталікі ўжо выступаюць супраць гэтай кнігі, паколькі яе выдаюць насуперак апошняй волі Іаана Паўла II. У сваім завяшчанні ён прасіў спаліць усе асабістыя паперы пасля смерці, аднак Дзівіш гэтага не зрабіў, заявіўшы, што ў яго не хапае смеласці знішчыць гэткі каштоўны матэрыял.














