Калі сукенка - твор мастацтва. У Парыжы завяршыўся
Тыдзень высокай моды. Вядомыя модныя дамы - Chanel, Versace, Valentino, Christian Dior - прапанавалі свае новыя тварэнні, якія потым можна будзе ўбачыць хіба што на чырвоных дывановых дарожках.
Што ж будуць насіць прыгожыя дамы ўжо гэтай вясной - раскажа Вольга Давідовіч.
Да Парыжскага куцюрнага тыдня - асаблівая ўвага. Бо тут сукенкі - больш, чым проста сукенкі, а мода - гэта ўжо мастацтва. На подыуме хутчэй уборы не для паўсядзённага жыцця, а для выхаду ў свет, кінафестываляў і вокладак глянцавых часопісаў.
Самым чаканым стаў паказ Шанэль. Дасканалы Карл Лагерфельд, крэатыўны дырэктар вядомага брэнда, ізноў уразіў публіку, ён паказаў куцюрную калекцыю ў духу спартыўнага шыку. Асноўныя элементы гэтага трэнду - прасторныя сілуэты і адкрытыя плечы. Нароўні з касцюмамі, сукенкамі і жаноцкімі ансамблямі Лагерфельд уключыў у калекцыю ажурныя бярмуды, спартыўныя топы і накаленнікі. Але самае галоўнае - гэта абутак. Усе мадэлі Chanel выходзілі на подыум у красоўках.
Карл Лагерфельд, крэатыўны дырэктар Chanel:
Я хацеў наблізіць высокую моду да рэальнасці. Дабавіць да вельмі дарагога, эксклюзіўнага адзення нешта такое, што кожны носіць у паўсядзённым жыцці.
Зрэшты, кожная пара куцюрных красовак ад Chanel стваралася ўручную. Абутак выкананы са скуры, цвіду, упрыгожаны карункамі і нават жэмчугам.
Адрозніўся і Жан Поль Гацье, як гавораць модныя аглядальнікі, Гацье не быў бы самім сабой, калі б чарговы раз не прапанаваў публіцы штосьці арыгінальнае: гэтым разам галовы мадэляў упрыгожылі рознакаляровыя матылькі. Здаецца, што натхнялі куцюр'е не толькі трапічныя казуркі, але і экзатычныя птушкі, бо каляровыя пёры таксама занялі сваё месца сярод аксесуараў.
Пас Вега, актрыса:
Гэта відовішчна! Заўсёды шыкоўнае шоу. Не прапускаю яго паказаў!.
Што датычыцца сілуэтаў, то дызайнер трымаецца ўласных традыцый: яго выбар - гарсэты, падкрэслены стан, вузкія спадніцы да калена, аб'ёмныя рукавы і акцэнт на плечы. Палітру колераў Гацье зноў жа запазычае з трапічных садоў - зрэшты, разнастайнасць фарбаў ён умела разводзіць чорным.
Што датычыцца Valentino, то ў новым сезоне модны дом застаўся верным вытанчаным і элегантным сілуэтам. Почырк дызайнераў складана зблытаць з кім-небудзь яшчэ. Стаўка ж зробленая на халодныя адценні: высакародны карычневы, бардовы, вытанчаны шэры, пастэльны бэжавы і далікатны блакітны.
Разнастайнасць фактур і тканіны калекцыі ўражвае - тут і парча, і карункі, і шоўк, і шыфон. Шматслойнасць напаўпразрыстых матэрый выключае вульгарнасць, а багацце дэкаратыўных элементаў, якія ўпрыгожваюць мадэлі, прывядзе ў захапленне нават самых патрабавальных модніц.














