У Парыжы дэманстрацыі прафсаюзаў перараслі ў сутычкі з паліцыяй

20 апреля 2018

Вулічныя пагромы і падпаленыя смеццевыя бакі. У Парыжы дэманстрацыі прафсаюзаў перараслі ў сутычкі з паліцыяй. У жандараў паляцелі камяні і бутэлькі. Пагромшчыкаў не спыніў нават слёзатачывы газ. Ёсць затрыманыя і пацярпелыя. Антыўрадавыя маршы прайшлі па ўсёй Францыі. У прычынах разбіраўся Вадзім Марцішэўскі.

Забастоўкі нараўне з сырам і багетамі варта было б аднесці да ліку тыпова французскіх атрыбутаў, згаданых у даведніках для турыстаў. Па ўсёй Пятай рэспубліцы ўчора адбылося 133 акцыі пратэсту. Паводле звестак МУС краіны, у іх прынялі ўдзел амаль 120 000 чалавек. СМІ пішуць, што на вуліцы выйшлі каля трохсот тысяч. Калоны маніфестантаў прайшліся па цэнтральных вуліцах Парыжа. Не абышлося без сутычак з паліцыяй.

Больш за ўсё пратэстуюць чыгуначнікі. А стачкі працягнуцца да канца чэрвеня, заяўляюць прафсаюзы: планы ўлад рэфарміраваць галіну могуць пазбавіць працаўнікоў шматлікіх сацгарантый і льгот. Улады пераконваюць, што маюць намер дапамагчы стратнаму аператару. Аднак прафсаюзы ўпэўненыя, што ператварэнні ў канчатковым выніку прывядуць да прыватызацыі дзяржкампаніі. Падлічана, што запланаваныя прафсаюзамі забастоўкі абыдуцца чыгуначнікам у 720 мільёнаў еўра.

Філіп Мартынез, генеральны сакратар Усеагульнай канфедэрацыі працы Францыі: "Урад Францыі павінен зразумець, што з намі не варта абыходзіцца як з дурнямі, разжоўваючы тое, што яны нібы хочуць да нас данесці. Штораз, калі Макрон або міністры штосьці гавораць, часцяком гучаць наступныя словы: "Мы можам абмяркоўваць усё на свеце, але змяняць нічога не станем". Не такі наш падыход да дыялогу".

Разам з чыгуначнікамі на французскія вуліцы выйшлі дзяржслужбоўцы, працаўнікі бальніц, пошты, адукацыйных устаноў, студэнты. Абураюцца і абітурыенты - планамі ўрада ўвесці конкурсны адбор пры паступленні ў ВНУ. У разгар вясновай сесіі актывісты блакіруюць будынкі ўніверсітэтаў.

Мунір эль-Джадыл, паштар: "Калі мы бачым чыгуначнікаў, простых рабочых, а таксама настаўнікаў і многіх іншых, якія выйшлі на дэманстрацыю, то ніхто не можа заставацца ўбаку. Распачалася свайго роду бітва. Усё да гэтага і ішло першапачаткова. Задзейнічаныя прадстаўнікі шматлікіх галін. І хай французскаму ўраду не падабаецца слова "канвергенцыя", але гэта тое, што зараз адбываецца. Здаецца, улады Францыі баяцца гэтага слова, іх страшыць такое згуртаванне французаў".

Папярэдняя хваля забастовак у Францыі ўскалыхнулася ўвосень мінулага года. Тады прафсаюзы пацярпелі паражэнне і не дамагліся вялікіх саступак ад урада, які пачаў праводзіць рэформу рынку працы. Гэтым разам вынік супрацьстаяння прадказаць складана. Аднак забастоўкі і пратэсты, якія не спыняюцца з пачатку красавіка, прыўнеслі хаос у паўсядзённае жыццё, што выклікае незадаволенасць ва ўсіх французаў.