У Пакістане ўсе сваякі ахвяраў трагедыі атрымаюць кампенсацыі

23 мая 2020
На месцы крушэння самалёта ў Карачы ўсё яшчэ працуюць выратавальныя брыгады. Паводле апошніх звестак, выжыць змаглі тры пасажыры. Адзін з іх - кіраўнік банка Пенджаба. Пасажырскі лайнер "Пакістанскіх міжнародных авіяліній" рухнуў на чатыры жылыя дамы напярэдадні. Загінулі 97 чалавек. Лайнер выконваў рэйс з Лахора ў Карачы. Апублікаваны відэа авіякатастрофы, а таксама кадры, якія атрымалася зняць у першыя хвіліны пасля падзення самалёта.

З-пад завалаў выратавалі каля 20 чалавек. 17 з іх шпіталізаваныя. Папярэдне, сярод магчымых прычын авіякатастрофы - тэхнічная няспраўнасць. Не выключана і сутыкненне самалёта з чарадой птушак. Пілот паспеў паведаміць, што страціў два рухавікі, і тры разы падаў сігнал трывогі. Чорныя скрыні лайнера ўжо знойдзеныя. Федэральны міністр авіяцыі краіны сёння распавёў, што ўсе сваякі ахвяраў трагедыі атрымаюць кампенсацыі. Пакістан на мінулым тыдні аднавіў унутраныя рэйсы, якія былі прыпыненыя з-за пандэміі.