У чаканні Жыватворнага агню праваслаўныя ўсяго свету рыхтуюцца да Вялікадня

11 апреля 2015

Праваслаўныя хрысціяне ўсяго свету рыхтуюцца да Вялікадня. У Іерусаліме напярэдадні адзначылі Страсную пятніцу – прайшлі хрэсным ходам па вуліцы Вія Далароза і ўспаміналі распяцце і смерць Ісуса Хрыста. Завяршылі шэсце ў храме Гроба Гасподняга. Сёння ж - у Вялікую суботу - хрысціяне збяруцца тут у чаканні Жыватворнага агню. Больш падрабязна Вольга Давідовіч.

На Вялікдзень і ў дні Страснога тыдня, што папярэднічаюць яму, Святая Зямля напаўняецца паломнікамі з усяго свету. Для вернікаў гэты асаблівы час - кожны дзень тысячы чалавек ідуць шляхам Ісуса, адзначаюць усе апошнія падзеі ў яго зямным жыцці. Гэта і цуды, якія стварыў Збавіцель, і Таемная вячэра, падчас якой адбылася здрада Іуды, а таксама ўзвядзенне на Галгофу і распяцце, пра якое вернікі ўспаміналі напярэдадні - у Страсную пятніцу. Гэта самы журботны дзень хрысціянскага календара. Паломнікі прайшлі хрэсным ходам па вуліцы Вія Далароза.

Палін Снел, амерыканская паломніца:

"Для мяне гэта вельмі важны момант, бо я праваслаўная хрысціянка і я прыехала сюды са Злучаных Штатаў. Усё маё жыццё я марыла прыехаць на Святую Зямлю, і сёлета гэта нарэшце здарылася. Мяне перапаўняюць эмоцыі ад таго, што я знаходжуся ў тым самым месцы, дзе хадзіў Хрыстос".

Сёння ж Вялікая Страсная субота. Для вернікаў гэта журботны і адначасова радасны дзень: яшчэ не настала Уваскрэсенне, але ўжо ўсё напоўнена перадвелікоднай радасцю. Тысячы чалавек збіраюцца ў храме Гроба Гасподняга ў чаканні цуду – сыходжання Жыватворнага агню.

Як правіла, чаканне цуду доўжыцца ад некалькіх хвілін да некалькіх гадзін. На гэты час у храме гасіцца святло. Трымаючы ў руках незапаленыя пасхалы - вялікія святочныя свечкі, прысутныя моляцца, каюцца ў сваіх грахах і просяць Госпада дараваць Жыватворны агонь. Як сведчаць відавочцы, праз некаторы час у храме невытлумачальным чынам з'яўляюцца агеньчыкі, якія як бы сцякаюць па сценах і калонах уніз, а з адтуліны ў купале храма на Гроб Гасподні апускаецца вертыкальны шырокі слуп святла. Неўзабаве ў Кувукліі з'яўляецца Жыватворны агонь, пра што радаснымі воклічамі сведчаць вернікі, якія стаяць побач з ёй. Выходзіць Патрыярх Іерусалімскі і перадае Агонь (ад свечкі к свечцы) усім прысутным у храме. Вынас Агню, названага таксама Святым Святлом, сімвалізуе выхад з Гроба Сапраўднага святла - уваскрэшанага Ісуса Хрыста.

Ужо сёння вечарам Жыватворны агонь з Іерусаліма прыбудзе ў Мінск. Святыню даставяць самалётам у Нацыянальны аэрапорт Мінск 11 красавіка паміж 21:30 і 22:30. Жыватворны агонь у Беларусь суправаджае дэлегацыя на чале з епіскапам Барысаўскім і Мар'інагорскім Веніямінам.