У ноч з пятніцы на суботу не стала Фідэля Кастра

27 ноября 2016

Камандантэ кіраваў краінай 49 гадоў і, толькі калі сур'ёзна пахіснулася здароўе, перадаў паўнамоцтвы свайму брату. Дзіўна, але ён памёр менавіта ў той дзень, калі роўна 60 гадоў таму адчаліў на яхце з прыхільнікамі ад мексіканскага берага. Менавіта гэтае падарожжа і скончылася гістарычнай перамогай паўстанцаў. "Галоўны эфір" успамінае пра чалавека, які аб’ядноўваў і натхняў народы на подзвігі і назаўжды змяніў жыццё роднай Кубы, якой быў адданы да апошняга ўздыху.

Расказвае Вольга Давідовіч. Тут яшчэ ніколі не было так ціха. У вечна танцуючай і спяваючай Гаване закрытыя ўсе забаўныя ўстановы. У краіне аб’яўлена дзевяцідзённая жалоба - так Куба развітваецца са сваім героем, з бацькам сваёй нацыі Фідэлем Кастра.

Яны не ведаюць жыцця без камандантэ. Фідэль кіраваў краінай амаль паўстагоддзя, і тры пакаленні кубінцаў літаральна абагаўлялі яго. Нарадзіўся ў сям'і багатага фермера, выпускнік Гаванскага ўніверсітэта, дыпламаваны юрыст, Кастра заўсёды клапаціўся аб простых кубінцах. Ён заняўся прыватнай практыкай (бясплатна вёў справы беднякоў). Дарогу ў палітыку (а ёй ён зацікавіўся яшчэ студэнтам) прыйшлося пракладваць кулямі: у 1952 годзе ўладу захапіў Фульхенсіа Батыста, і Фідэль аказаўся ў першых радах барацьбы з дыктатурай.

Няўдалы штурм казармы Манкада, арышт, прысуд - 15 гадоў турмы, з якіх Кастра адседзеў два, выйшаў па амністыі і з'ехаў у Мексіку рыхтаваць новае паўстанне. Калі малады Фідэль разам з легендарным Чэ Геварам толькі пачынаў партызанскую вайну ў 1956-м, у атрадзе не было і сотні чалавек. Але за два гады ён сваімі ідэямі натхніў мільёны. А 1 студзеня 1959 года армія Кастра ўвайшла ў Гавану. І настала эпоха Фідэля.

Ён заўсёды гаварыў: перамога – гэта ўпартасць. І ўпарта працягваў жыць і змагацца за свой Востраў свабоды. Харызматычны лідар (заўсёды ў ваеннай форме і з нязменнай цыгарай у роце) Фідэль кіраваў дзяржавай жалезнай рукой. У 1961-м Куба - першая краіна ва ўсім Заходнім паўшар'і, дзе адзіная партыя - Камуністычная на чале з Кастра. Тут бясплатная адукацыя і медыцына, прамысловасць і прыватная ўласнасць нацыяналізаваныя. Краіна кардынальна змяніла сваё аблічча. Вашынгтон у адказ аб’явіў эканамічнае эмбарга, заходнія спецслужбы працавалі не складаючы рук. Фідэль Кастра стаў сусветным рэкардсменам, перажыўшы 638 замахаў. Сам ён нават неяк сказаў: "Калі б здольнасць выжываць пасля замаху была алімпійскай дысцыплінай, я б меў па ёй залаты медаль".

Калі ў ЗША яго недалюблівалі, то ў СССР любілі. У свой час ён сустракаўся з Мікітам Хрушчовым і абмяркоўваў, як засцерагчы Кубу ад агрэсіі Штатаў.

У ліпені 1972 года Фідэль Кастра прыязджаў у Мінск. Гавораць, тады камандантэ сам настаяў, каб адным з пунктаў у яго маршруце стала сталіца Беларускай ССР. У аэрапорце яго сустракалі як жывую легенду. І асабіста Пётр Машэраў.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка бываў на Кубе некалькі разоў, і заўсёды гэта быў вельмі цёплы і па-сапраўднаму дружалюбны прыём.

У 2000 годзе беларускага лідара ўзнагародзілі ордэнам Хасэ Марці - вышэйшай узнагародай Кубы. У Мінска і Гаваны поўнае паразуменне па палітычных пытаннях і падтрымка адно аднаго на міжнароднай арэне. Больш за тое, Куба дзякуючы намаганням двух лідараў стала своеасаблівым пунктам уваходу для Беларусі ў свет Лацінскай Амерыкі. Аляксандр Лукашэнка не раз падчас сустрэч з прадстаўнікамі Вострава свабоды гаварыў пра сваё асаблівае стаўленне да камандантэ.

У 2006-м здароўе камандантэ рэзка пагоршылася, і ён вырашыў сысці з актыўнай палітыкі. Яго месца заняў малодшы брат Рауль. Але Фідэль працягваў працаваць, пісаў аналітычныя артыкулы, а яшчэ любіў прымаць у сябе наведвальнікаў і весці доўгія філасофскія размовы.

Фідэль Кастра заўсёды лічыўся яркім прамоўцам. З самым працяглым выступленнем з трыбуны ААН трапіў у Кнігу рэкордаў Гінеса. Самую ж доўгую прамову ён вымавіў на трэцім з'ездзе Кубінскай камуністычнай партыі - гаварыў там 7 гадзін. А вось яго нядаўняе выступленне ў красавіку 2016-га выйшла не такім доўгім, але шмат у чым прароцкім.

Фідэль Кастра, лідар кубінскай рэвалюцыі (1926-2016 гг.): "Хутка мне будзе 90. Я ніколі не думаў, што такое здарыцца, гэта не было плёнам працы, хутчэй прыхамаццю лёсу. Хутка я пайду следам за ўсімі, бо кожнаму з нас калісьці пара сыходзіць. Але ідэі кубінскіх камуністаў будуць жыць вечна".

Жыццёвы шлях Кастра нельга назваць адназначным. Пра сябе ён гаварыў: гісторыя мяне апраўдае. Але ўжо сёння можна сказаць, што ён унёс каласальны ўклад у развіццё ўласнай краіны, перавярнуў уяўленне аб палітыцы і прымусіў усіх гаварыць аб сабе да самай смерці, як, зрэшты, і пасля яе. Адно яго імя для мільёнаў людзей па ўсім свеце стала сапраўдным сімвалам свабоды, магчымасці змяніць свет.