У Мюнхене сёння стартавала канферэнцыя па бяспецы

17 февраля 2017

Як перамагчы геапалітычную рэцэсію і не дапусціць глабальнага крызісу? Адказы на галоўныя планетарныя выклікі шукаюць вядучыя палітыкі і эксперты. У Мюнхене сёння стартавала канферэнцыя па бяспецы. Беларусь на форуме прадстаўляе пасол нашай краіны ў Германіі Дзяніс Сідарэнка. За тры дні высокапастаўленыя госці абмяркуюць шырокі спектр пытанняў, у тым ліку трансатлантычныя адносіны, еўрабяспеку, барацьбу з тэрарызмам, сітуацыю на ўсходзе Украіны і сірыйскі крызіс. Падрабязнасці антыкрызіснага дыялогу ў рэпартажы Аляксея Адашкіна.

Цэнтр баварскай сталіцы сёння ператварылі ў непрыступную крэпасць. Меры бяспекі ў горадзе павышаныя да максімальнага ўзроўню. Паліцэйскія на вуліцах правяраюць усіх і бяруць колькасцю. Спецслужбы ФРГ тым часам сканіруюць інтэрнэт і сацсеткі, каб папярэдзіць узнікненне любых канфліктных сітуацый. Асаблівая ўвага да магчымых дэманстрацый.

Канферэнцыя па бяспецы праходзіць у самым дарагім гатэлі горада пад назвай "Байрышэ хоф" ("Баварскі двор"). Сёлета ў форуме бяруць удзел 5 соцень дыпламатаў, палітыкаў, экспертаў і вайскоўцаў. Сярод іх каля 30-ці прэзідэнтаў і прэм'ер-міністраў, а таксама каля 80-ці міністраў абароны і замежных спраў.

Канферэнцыю ў Мюнхене называюць Давосам па бяспецы (па аналогіі з глабальным эканамічным форумам). Дыялогі ў "Баварскім двары" вядуцца з 1963 года. Часцей за ўсё тут абмяркоўвалі знешнія пагрозы - такія, як халодная вайна з Савецкім Саюзам або барацьба з тэрарыстамі на Блізкім Усходзе. Аднак сёлета і з галоўнай трыбуны форуму, і ў кулуарах галоўнае, пра што гавораць, - гэта ўнутраны крызіс Захаду і як можна без страт выйсці з геапалітычнай рэцэсіі.

Сапраўднай пагрозай для ўладкавання свету называюць абранне Дональда Трампа прэзідэнтам ЗША. Новы гаспадар Белага дома па-сапраўднаму спалохаў еўрапейскія эліты. Іх непакоіць, што амерыканскі лідар не абазначыў выразна сваіх партнёраў. Больш за тое, ён паставіў пад сумненне НАТА.

За некалькі дзён да пачатку канферэнцыі яе арганізатары выпусцілі спецыяльны даклад, у якім апісваюць сітуацыю з бяспекай на планеце. Аўтары 90-старонкавага даследавання сцвярджаюць, што склалася новае ўладкаванне свету, пры якім Захад ужо не адыгрывае дамінуючую ролю. У той жа час у многіх краінах, у тым ліку ў ЗША, Іспаніі і Германіі, за апошнія 15 гадоў вырасла колькасць тых, хто сімпатызуе моцным лідарам і знаходзіць іх палітычныя рашэнні больш правільнымі.

У Мюнхене заяўляюць сёння, што свет уступіў у самы неспакойны час з 1945 года. Вялікабрытанія выходзіць з ЕС. Трансатлантычнае партнёрства пад пытаннем. І ўсё гэта на фоне крызісу ліберальнай дэмакратыі і тэрору джыхадысцкіх груповак. Ускладняе сітуацыю і адкрыццё новага - віртуальнага - фронту, дзе арудуюць майстры лжывых навін. На думку экспертаў, менавіта 2017-ы можа стаць вызначальным для далейшага развіцця чалавецтва.

Канферэнцыя ў Мюнхене прадоўжыцца тры дні. Ужо заўтра на палях форуму ў сталіцы Баварыі пройдуць перамовы кіраўнікоў МЗС "нармандскай чацвёркі". Міністры абмяркуюць далейшыя крокі па рэалізацыі мінскіх пагадненняў. Дамоўленасцям, якія былі дасягнутыя менавіта ў беларускай сталіцы, сусветныя эксперты ў сферы бяспекі пакуль не бачаць альтэрнатывы.