У Маскве сёння развітваюцца з паслом Расіі ў Турцыі Андрэем Карлавым

22 декабря 2016

У Маскве сёння развітваюцца з паслом Расіі ў Турцыі Андрэем Карлавым, які быў застрэлены тэрарыстам на пачатку тыдня ў Анкары. Грамадзянская паніхіда ў гэтыя хвіліны праходзіць у Міністэрстве замежных спраў на Смаленскай плошчы. Раней у храме Хрыста Збавіцеля адпяванне правёў Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл. Кіраўнік Рускай праваслаўнай царквы асабіста ведаў дыпламата, вянчаў яго з жонкай. У жалобных мерапрыемствах прыме ўдзел прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін. Напярэдадні ён падпісаў указ аб прысваенні Андрэю Карлаву звання Героя Расіі пасмяротна.

У расследаванні тэракта толькі з турэцкага боку ўдзельнічаюць больш за 100 чалавек. Таксама задзейнічаныя расійскія спецыялісты, якія прыляцелі ў Анкару з Масквы. Высвятляецца, чаму тэрарыста - 22-гадовага Меўлюта Алтынташа - не захапілі жывым. Як распавёў прэзідэнт Турцыі Рэджэп Эрдаган, у нейкі момант байцам здалося, што ён спрабуе дастаць бомбу, і тады быў адкрыты агонь на паражэнне. Устаноўлена, што забойца меў з сабою запасныя абоймы і патроны ў кішэнях, якімі не паспеў скарыстацца.