У Мінску адбылося пасяджэнне кантактнай групы па Украіне

6 мая 2015

У Мінску сёння адбылося пасяджэнне кантактнай групы па Украіне ў фармаце Украіна - АБСЕ - Расія. Яе галоўны вынік - запуск падгруп, якія будуць працаваць па чатырох кірунках: пытаннях бяспекі, эканамічных праблемах, справах бежанцаў і палітычных пытаннях. У прыватнасці, у падгрупах плануецца абмеркаваць умовы правядзення на Данбасе мясцовых выбараў, а таксама прапрацаваць варыянты аднаўлення банкаўскай сістэмы рэгіёна і выплаты пенсій грамадзянам, якія пражываюць у зоне канфлікту.

Адэльхейд Тальявіні, прадстаўнік АБСЕ у Кантактнай групе: "Мы заклалі падмурак для магчымага працэсу ўрэгулявання ўсіх пытанняў за сталом перамоў, а не на полі бою".

Леанід Кучма, прадстаўнік Украіны ў Кантактнай групе: "Для нас самае галоўнае сёння тры рэчы: гэта спыненне агню, адвод цяжкага ўзбраення і верыфікацыя з боку АБСЕ. Не магу не сказаць добрыя словы на адрас Беларусі і Аляксандра Лукашэнкі. Для таго каб арганізаваць такую працу, трэба жаданне, а жаданне ў беларускага боку, несумнеўна, прысутнічае".

Азамат Кульмухаметаў, прадстаўнік Расіі ў Кантактнай групе: "Несумнеўна, тое, што зроблена сёння, гэта сур'ёзны крок у кірунку палітычнага ўрэгулявання. Зразумела, прасоўванне ў плане палітычнага ўрэгулявання будзе спрыяць спыненню агню і рашэнню далейшых пытанняў у плане бяспекі".

Прадстаўнікі самаабвешчаных рэспублік у сваю чаргу заявілі аб гатоўнасці выконваць комплекс мер, прадугледжаных мінскім пратаколам, і адзначылі канструктыўны характар перамоў. Сур'ёзных супярэчнасцяў паміж бакамі не паўстала - адзначылі перагаворшчыкі. Чакаецца, што сустрэчы падгруп у беларускай сталіцы адновяцца ў другой палове мая.