У Лос-Анджэлесе раздалі "Залатыя глобусы"

9 января 2017

Гэта прэмія штогод прысуджаецца Галівудскай асацыяцыяй замежнай прэсы. Арганізатары называюць цырымонію самай важнай у свеце кіно. Крытыкі ж лічаць "Глобус" генеральнай рэпетыцыяй "Оскара". Вельмі часта кінастужкі-лаўрэаты "Залатога глобуса" становяцца ўладальнікамі залатых статуэтак. Не абышлося і без кур'ёзных выпадкаў. Мэрыл Стрып, якая, дарэчы, атрымала ўзнагароду, замест слоў падзякі выступіла з крытыкай у адрас Прэзідэнта ЗША.

Хто яшчэ вылучыўся і стаў лепшым у свеце кіно? Самыя яркія моманты -    у рэпартажы Юрыя Казлова. Прэмія "Залаты глобус" - адна з самых прэстыжных у свеце кіно. Уручаецца з 1944 у 26 намінацыях. Журы - каля 90 журналістаў, якія жывуць у Галівудзе. Кожны год "Залаты глобус" - гэта сотні зорак (маладых і не вельмі), шыкоўныя сукенкі, дарагія ўпрыгажэнні і тоны гумару. Праўда, адзіным, хто жартаваў не аб палітыцы, стаў Мэт Дэйман. Ён узгадаў арганізатарам прэміі сваю леташнюю ўзнагароду ў катэгорыі "Камедыя" за гульню ў фільме "Марсіянін". Акцёр адзначыў, што перамога ў гэтай намінацыі і была самым смешным момантам фільма. Усе астатнія жарты цырымоніі так або інакш тычыліся прэзідэнцкіх выбараў, што прайшлі ў краіне.

Сёлета трыумфатарам прэміі стаў мюзікл "Ла-Ла Ленд" Дэм’ена Шазела. Карціна пабіла рэкорд "Залатога глобуса" і перамагла ва ўсіх намінацыях, у якіх была прадстаўлена. "Ла-Ла Ленд" атрымаў 7 узнагарод - за лепшую рэжысуру, сцэнарый, музыку, уступную кампазіцыю.

Лепшымі акцёрам і актрысай былі прызнаныя Раян Гослінг і Эма Стоўн, якія сыгралі ў мюзікле.

Лепшым фільмам на замежнай мове стаў трылер "Яна" Пола Верховена, які выклікаў авацыі Канскага кінафестывалю. А Ізабель Юпер, якая сыграла ў стужцы, атрымала "Глобус" як лепшая драматычная актрыса.

З серыялаў журы адзначыла "Карону" - аб жыцці брытанскай каралеўскай сям'і і камедыйную “Атланту”. Лепшым анімацыйным фільмам мінулага года прызнаны "Звераполіс".

Сапраўдны фурор на цырымоніі зрабіла Мэрыл Стрып. 67-гадовая зорка і трохразовая ўладальніца "Оскара" атрымала прэмію за ўклад у кінематограф. У сваёй прамове зорка раскрытыкавала абранага прэзідэнта за тое, што ён спарадзіраваў неяк рэпарцёра-інваліда з "Нью-Йорк Таймс". Дасталася палітыку і за яго стаўленне да мігрантаў.

45-ы прэзідэнт ЗША аператыўна адрэагаваў на крытыку, назваўшы актрысу "лібералам са свету кіно" і "прыхільніцай Хілары Клінтан, якая прайграла"...

Арганізатары "Залатога глобуса" крыўдзяцца за такія параўнанні, але шматлікія кінакрытыкі часта лічаць гэту цырымонію рэпетыцыяй "Оскара". Нярэдка меркаванні журналістаў і акадэмікаў супадаюць і лаўрэаты "Залатога глобуса" таксама атрымліваюць залатыя статуэткі... Як будзе сёлета - даведаемся 26 лютага, у дзень уручэння залатых статуэтак. Стужкі-намінанты на прэмію Амерыканскай кінаакадэміі стануць вядомыя ў канцы гэтага месяца.