У Лос-Анджэлесе адкрыўся штогадовы аўтасалон

21 ноября 2013
Гэта адна з найбуйнейшых у ЗША дэманстрацыйных пляцовак новых і перспектыўных аўтамабіляў. Нягледзячы на адносна лакальнае значэнне аўтасалона ў Лос-Анджэлесе, на мерапрыемстве будзе паказаны шэраг зусім новых мадэляў, у тым ліку кампактны красовер ад Porsche, новы зараджаны седан Subaru Impreza WRX і хэтчбек Mini.

З падрабязнасцямі пра негалівудскія прэм'еры наш карэспандэнт Вадзім Марцішэўскі.

На аўтасалоне ў Лос-Анджэлесе ў асноўным дэманструюцца не канцэпт-кары, а машыны будучага, 2014 мадэльнага года. Нягледзячы на наступ японскіх і карэйскіх брэндаў, амерыканскія вытворцы маюць намер здзівіць публіку брутальнымі памерамі сваіх аўтамабіляў.

У рамках выставы быў таксама прэзентаваны спорткар-купэ Jaguar F-Type, які з'явіцца на рынку ўжо ў наступным годзе. Кампанія Jaguar прапанавала свой самы кампактны спорткар - F-Type. Ён поўнасцю створаны з алюмінію, што спрыяльна паўплывала на масу машыны і паказчыкі расходу паліва. На стыку задніх дзвярэй і кузава аўтамабіля размешчаны высоўны задні спойлер. Гэты аўтамабіль ужо назвалі самым дынамічным спорткарам на экспазіцыі.

Ян Калум, дырэктар кампаніі Jaguar па дызайне: Мы так і задумвалі першапачаткова. Крыху абнавіць выгляд Ягуар. Да гэтага ўсё ішло. Хаця, на мой погляд, гэтыя перамены хутчэй адыход у бок рэтра. Ягуар заўсёды ведалі як кампанію, што спецыялізуецца на спартыўных машынах і аўтамабілях бізнес-класа. І нам не хацелася б, каб гэты імідж сціраўся з часам.

Не аказаўся незаўважаным і красовер Porsche Macan. Набыць аўтамабіль на еўрапейскім рынку можна будзе ўжо вясной. Гэтыя машыны будуць збіраць у Лейпцыгу. Аўто пабудаванае на базе платформы Audi Q5. Навінка з'явіцца на рынку ў трох варыянтах магутнасці - 255, 340 і 400 конскіх сіл. Кошт аўтамабіля пакуль не аб'яўлены.

Кампанія Ford прадэманстравала на аўтасалоне доўгачаканы канцэптуальны недарожнік Edge. У ім усталяваная сістэма, якая дазваляе ўладальніку прыпаркаваць свой аўтамабіль шляхам націску кнопкі або пры дапамозе дыстанцыйнага кіравання. Гэтая тэхналогія выкарыстоўвае ўльтрагукавыя датчыкі. Серыйная версія канцэпта з'явіцца на рынку не раней чым праз два гады.

Радж Наір, віцэ-прэзідэнт кампаніі Ford: Мы пачынаем з канцэптаў. Заўсёды важна вырашыць, якім будзе новае пакаленне машын. І, на мой погляд, у нашым сучасным эджэ было нямала дызайнерскіх знаходак. І яны спадабаліся пакупнікам. Мы таксама ўступілі ў гэты год з новым дэвізам Ведаем машыну на ўзроўні ДНК. Для нас важна, каб пра нашы аўто гаварылі: Так, гэта форд.

Аўтасалон у Лос-Анджэлесе праводзіцца штогод з 1907 года і па праве лічыцца адным з галоўных мерапрыемстваў аўтамабільнай Амерыкі. Па сваім статусе гэтая выстава саступае толькі Дэтройцкаму аўтасалону. У рамках экспазіцыі таксама праходзіць дызайнерскі конкурс. Сёлета ён прысвечаны біямімікрыі - імітацыі прыродных механізмаў і схем у тэхніцы.