Больш за тры тысячы кіназорак - акцёраў, рэжысёраў, прадзюсараў і сцэнарыстаў - сабраліся ў кінатэатры "Долбі" ў чаканні і надзеі пачуць свае імёны. Пра тое, хто ўдастоіўся запаветнага трафея, хто стаў абсалютным лідарам па колькасці ўзнагарод, а таксама якая карціна, на думку кінаакадэмікаў, стала лепшай, у наступным рэпартажы.
Расказвае Юлія Табалевіч.
Цырымонія па традыцыі пачалася з дэфіле. Знакамітасці ў чаканні шоу выгульвалі ўборы на чырвонай дывановай дарожцы і пазіравалі перад фатографамі. Адважных і экстравагантных сёлета было няшмат. Зоркі ў асноўным зрабілі стаўку на бяспройгрышную класіку.
Самай яркай жамчужынай, бадай, стала Джэніфер Лопес, якая надзела бэжавую сукенку, вышытую сотнямі пацерак і стразаў. Дзякуючы глыбокаму дэкальтэ і доўгім валасам, сабраным у высокі хвост, вобраз у Джэй Ло атрымаўся вельмі запамінальны.
Лепшыя акцёры, фільмы, рэжысёры. Адзін за адным на сцэну паднімаюцца пераможцы. Слёзы радасці і словы падзякі на сцэне. Стужка "Бердмэн" чакана атрымала перамогу ў намінацыі "Лепшы фільм", а яе стваральнік - мексіканец Алехандра Гансалес Іньярыту, які ўжо даўно працуе ў Галівудзе, - удастоіўся прыза як лепшы рэжысёр. Запаветны трафей трагікамедыі мексіканскага рэжысёра прысвоены і за лепшы арыгінальны сцэнарый. Акрамя таго, аператар карціны Эмануэль Любецкі быў таксама ўдастоены прыза ў сваёй профільнай катэгорыі.
Крытыкі па заслугах ацанілі фільм, які ўжо паспеў стаць усеагульным любімцам. Стужка "Гатэль "Гранд Будапешт" Уэса Андэрсана ўзяла чатыры "Оскары" за лепшы дызайн касцюмаў, лепшы грым і прычоскі, лепшую працу мастака-пастаноўшчыка і лепшую арыгінальную музыку. Карціна распавядае пра ўнікальнага кансьержа і яго вучня, прыгоды якіх аказваюцца яркай мыльнай бурбалкай, што знікае імгненна.
Лепшая мужчынская роля, паводле версіі 87-й цырымоніі, у Эдзі Рэдмейна ў фільме "Сусвет Стывена Хокінга". Гэта рэальная гісторыя пра легендарнага навукоўца-фізіка. Сярод жанчын лепшая роля ў Джуліяны Мур за фільм "Усё яшчэ Эліс" пра прафесара лінгвістыкі, якая змагаецца з хваробай Альцгеймера. Актрысу намініравалі на "Оскар" пяць разоў і вось яна атрымала залатую статуэтку.
За лепшую мужчынскую ролю другога плана "Оскар" атрымаў Джэй Кей Сіманс у "Апантанасці". У псіхалагічнай драме ён сыграў дэспатычнага дырыжора аркестра. Галоўны канкурэнт "Бердмэна" – трохгадзінны кінараман Рычарда Лінклейтэра "Малалецтва" - застаўся з адзінай статуэткай за жаночую ролю другога плана. Узнагароду атрымала Патрыцыя Аркет.
Гэта ўнікальны праект. Гісторыя ахоплівае дванаццаць гадоў жыцця героя - ад першага класа ў школе да першага дня ў каледжы. І здымалі яе 12 гадоў, фактычна ў рэжыме рэальнага часу.
Лепшым замежным фільмам прызнаная польская карціна "Іда". А лепшым паўнаметражным мультфільмам стаў "Горад герояў".
Яшчэ адна нечаканасць цырымоніі. Музыка ў гэтым жанры рэдка трапляе нават у шорт-ліст "Оскара", ды і стваральнікі драмы "Сельма" пайшлі на некаторую творчую рызыку, узброіўшы стужку саўндтрэкам у стылі рэп і хіп-хоп.
Тым не менш, трэк "Глорыя" атрымаў перамогу ў намінацыі "Лепшая песня". Яе аўтары - амерыканскія рэперы Джон Леджэнд і Common - абодва неаднаразовыя прызёры самай прэстыжнай музычнай прэміі "Грэмі".
Усе чатыры з лішнім гадзіны, пакуль ішло дзейства, ліў праліўны дождж. "Оскар-2015" стаў шчаслівым для тых, хто альбо зачакаўся сваёй статуэткі, альбо наогул быў намініраваны на яе ўпершыню. Узнагароджанне першапачаткова было ўвогуле прадказальным, але, што важна, не банальным. Сярод пераможцаў моцныя, яркія і таленавітыя карціны, якія сапраўды варта паглядзець.














