У Кіеве прынялі рашэнне аб вывадзе войскаў з тэрыторыі Крыма

24 марта 2014

Адпаведны загад сёння аддаў выконваючы абавязкі міністра абароны Украіны Ігар Ценюх. Як паведамляецца, паўвостраў пакінуць усе ўкраінскія вайскоўцы і іх сем'і, тыя, хто не пажадаў прысягаць новым уладам Крыма. Напярэдадні, дарэчы, практычна ўвесь паўвостраў апынуўся без электразабеспячэння. Без святла дагэтуль часткова застаюцца Сімферопаль, Еўпаторыя, Ялта, Алушта, Судак і нават Севастопаль.


Электрычнасць бесперабойна падаецца толькі ў бальніцы і на аб'екты жыццезабеспячэння. Паводле версіі афіцыйных украінскіх улад, прычынай адключэнняў стала аварыя на лініях электраперадачы, якія ідуць на паўвостраў з мацерыка. Аднак у Сімферопалі заяўляюць аб загадзя спланаванай акцыі. Нагадаем, пасля таго як Крым аб'явіў аб уваходжанні ў склад Расіі, новыя ўлады Украіны прыгразілі ўсталяваць для аўтаномнай рэспублікі сусветныя цэны на энерганосьбіты. Зараз каля 80% патрэб Крыма ў электраэнергіі забяспечвае Запарожская і Кахоўская электрастанцыі, якія знаходзяцца на мацерыку. Дарэчы, ужо з сённяшняга дня разлічвацца з Кіевам за ваду і святло Сімферопаль будзе расійскімі рублямі. На нацыянальную валюту РФ пераводзяцца ўсе ўзаемаразлікі па любых плацяжах. Рублі прымаюць гатэлі і рэстараны.


У магазінах Крыма з'явіліся двайныя цэннікі, дзе кошт паказаны ў рублях і грыўнях. Сёння асноўная рухаючая сіла Еўрамайдана, украінская радыкальная арганізацыя Правы сектар, стала партыяй, у склад якой увайшоў шэраг нацыяналістычных арганізацый. Правы сектар абяцае ўдзельнічаць ва ўсіх выбарах ва Украіне, у тым ліку, прэзідэнцкіх. Кандыдатам ужо вылучаны яго лідар Дзмітрый Яраш. Чарговае пацвярджэнне таго, што кіеўскі Майдан быў далёка не стыхійным, а загадзя падрыхтаваным і праплачаным мерапрыемствам, з'явілася ў Інтэрнэце. Тыя, хто, мяркуючы па кадрах, быў непасрэдным удзельнікам і арганізатарам узброеных сутыкненняў у Кіеве, сцвярджаюць, што іх падманулі і не заплацілі.