У Казахстане прайшла цырымонія ўступлення на пасаду новага прэзідэнта

20 марта 2019

Выконваць абавязкі кіраўніка дзяржавы да наступных выбараў будзе спікер сената Касым-Жамарт Такаеў. Падчас сумеснага пасяджэння дзвюх палат парламента рэспублікі Такаеў прынёс прысягу. Затым кіраўнік рэспубліканскага ЦВК уручыў яму пасведчанне прэзідэнта, штандар і ордэн.

Новы лідар не адзін год знаходзіцца ў кіраўніцтве краіны. Такаеў быў міністрам замежных спраў, працаваў прэм'ер-міністрам, з'яўляўся кіраўніком верхняй палаты парламента. Ён запэўніў, што аўтарытэтнае меркаванне Нурсултана Назарбаева (ён, нагадаем, аб'явіў аб сыходзе з пасады кіраўніка дзяржавы напярэдадні) будзе заставацца прыярытэтным пры прыняцці стратэгічных рашэнняў. Такаеў нагадаў, што Нурсултан Абішавіч з'яўляецца старшынёй Савета бяспекі, кіраўніком партыі "Нур Атан", старшынёй Асамблеі народа Казахстана, членам Канстытуцыйнага савета. Сярод першых ініцыятыў Такаева - перайменаваць сталіцу рэспублікі Астану ў Нурсултан, а таксама паставіць у сталіцы помнік Назарбаеву і перайменаваць цэнтральныя вуліцы ўсіх абласных гарадоў у яго гонар.