У Італіі ахвярамі двух моцных штуршкоў у цэнтры краіны сталі 24 чалавекі

24 августа 2016

Моцнае землетрасенне ў Італіі - галоўная тэма ранішніх навін. Ахвярамі двух моцных штуршкоў у цэнтры краіны сталі 24 чалавекі. Колькасць параненых пакуль вызначыць складана. Яна будзе расці з кожнай гадзінай. Ратавальнікі зараз разбіраюць завалы. Больш падрабязна - Юрый Казлоў.

Магнітуда штуршкоў, эпіцэнтр якіх знаходзіўся на глыбіні 10 кіламетраў недалёка ад горада Перуджа (гэта самы цэнтр Італіі), складала 6,4. Праз гадзіну ў рэгіёне было зафіксавана яшчэ адно землетрасенне - больш слабое, магнітудай 5,5. Падземныя ўдары адчуваліся нават у сталіцы краіны - Рыме, хоць да яго больш як 100 кіламетраў. У вобласці Умбрыя разбураныя будынкі. Мацней за ўсё пацярпелі гарады Аматрычэ і Акумолі. Там ёсць загінуўшыя, параненыя дзясяткі. Як паведамляюць мясцовыя ўлады, шмат людзей застаюцца пад заваламі будынкаў. У Аматрычэ з-за выкліканага землетрасеннем апоўзня абрынуўся мост. Населены пункт адрэзаны ад свету.

Фабрысіа Курча, дырэктар Дэпартамента грамадзянскай абароны пры Савеце Міністраў Італіі: "Мы пакуль не хацелі б агучваць колькасць загінуўшых і пацярпелых, таму што баімся памыліцца ў лічбах. Але вы павінны ведаць, што мы працуем і працуем эфектыўна. Мы пакуль не можам даставіць усё неабходнае ў некаторыя з пацярпелых раёнаў, але гэта праблема хутка будзе вырашана з дапамогай вобласці Лацыа і вайскоўцаў".

Разбор завалаў у пацярпелых гарадах ідзе поўным ходам. Ратавальнікі паведамляюць страшныя падрабязнасці - землетрасенне адбылося пасярод ночы - прыкладна ў палове чацвёртага па мясцовым часе. Людзей завальвала камянямі і бетонам ва ўласных ложках. Ужо вядома, што ў ліку загінуўшых - маладая пара з двума маленькімі дзецьмі і муж і жонка старога ўзросту. Дакладнай інфармацыі аб грамадзянстве загінуўшых і пацярпелых пакуль няма.

Нумар тэлефона, па якім беларускім дыпламатам можна паведаміць аб тым, што вашы блізкія знаходзяцца ў пацярпелых раёнах і не выходзяць на сувязь, - зараз на экране +393454803465.

На думку прадстаўнікоў Геалагічнай службы ЗША, якія адсочваюць і даследуюць падземныя штуршкі, ахвярамі землетрасення ў Італіі могуць стаць сотні людзей - уся справа ў недастатковай сейсмаўстойлівасці мясцовых будынкаў. Эканамічны ўрон яшчэ будзе ацэнены. Але ўжо відавочна, што ён значны. З гэтым згодныя і італьянскія чыноўнікі.

Фабрысіа Курча, дырэктар Дэпартамента грамадзянскай абароны пры Савеце Міністраў Італіі: "Магнітуда землетрасення была даволі высокай. З улікам таго, што эпіцэнтр залягаў недалёка ад паверхні, мы можам параўноўваць яго з землетрасеннем у Аквіле 2009 года".

Землетрасенне ў Аквіле - гэта вобласць Абруца (таксама цэнтр Італіі) адбылося 6 красавіка 2009 года. Магнітуда штуршкоў складала 5,8. Ахвярамі гэтага бедства сталі 309 чалавек, паўтары тысячы атрымалі раненні. Каля 70 тысяч засталіся без прытулку.