У Іспаніі расце колькасць ахвяр чыгуначнай катастрофы

25 июля 2013

У Іспаніі расце колькасць ахвяр найбуйнейшай за апошнія 40 гадоў чыгуначнай катастрофы.


Загінуўшых ужо 77, 143 чалавекі атрымалі раненні. Выратавальныя працы не спыняюцца ні на хвіліну. Версію тэракта ўлады адпрэчваюць. Найбольш імавернай прычынай крушэння цягніка - стала перавышэнне хуткасці на ўчастку выгіну чыгуначнага палатна. Сант'яга-дэ-Кампастэла, куды з Мадрыда ішоў хуткасны цягнік, - папулярнае месца сярод турыстаў. І сёння тут павінна было адбыцца вялікае свята - вядомае далёка за межамі краіны - Дзень апекуна Іспаніі Святога Якава. Не выключана, што ў цягніку было шмат іншаземцаў. Інфармацыі аб беларусах, якія пацярпелі ў выніку буйнога надзвычайнага здарэння, не паступала.


Расказвае Вадзім Марцішэўскі.


Гэтую жахлівую катастрофу ўжо называюць адной з найбуйнейшых за ўсю гісторыю чыгунак Іспаніі. Высокахуткасны цягнік, які рухаўся з Мадрыда ў горад Фероль, сышоў з рэек. Не ацалеў ні адзін з 13-ці вагонаў. Дзясяткі ахвяраў і звыш ста параненых. Не выключаецца, што сярод загінуўшых і пацярпелых могуць быць іншаземцы. Пасажырскі састаў сышоў з рэек на падыходзе да сталіцы Галісіі - Сант'яга-дэ-Кампастэла.


Крушэнне цягніка было настолькі моцным, што адзін з вагонаў быў цалкам разбураны, другі ад магутнага ўдару пераляцеў праз пяціметровы насып. Да месца трагедыі неадкладна пачалі з'язджацца сваякі і жыхары горада. Аднак вартавыя парадку нікога блізка не падпускаюць. Ратавальнікі працуюць ва ўзмоцненым рэжыме. Каб даставіць пацярпелых у бальніцы, прыйшлося задзейнічаць практычна ўсе гарадскія брыгады хуткай дапамогі. Аб'яўлены добраахвотны збор донарскай крыві.


Сёння ў Сант'яга-дэ-Кампастэла павінны былі адзначаць адно з галоўных мясцовых святаў - Дзень памяці Святога Апостала Якава, які, паводле легенды, пахаваны ў кафедральным саборы. Аднак рэлігійны фестываль і іншыя мерапрыемствы прыйшлося адмяніць.


Ангел Курас Фернандэс, мэр Сант'яга-дэ-Кампастэла: Як вы разумееце, усе ўрачыстасці, запланаваныя на сёння, адменены. Зараз мы абсталюем будынкі, дзе змогуць размясціцца сваякі загінуўшых, якім прыйдзецца прыехаць сюды на апазнанне.


Папа Рымскі Францыск, які знаходзіцца з візітам у Бразіліі, выказаў салідарнасць са сваякамі ахвяраў крушэння цягніка ў Іспаніі. Пантыфік заклікаў маліцца за тых, хто страціў жыццё ў гэтай страшнай катастрофе.


ацец Федэрыка Ламбардзі, кіраўнік прэс-службы Ватыкана: Папа Рымскі быў праінфармаваны пра тое, што здарылася. Ён раздзяляе боль, які зведваюць сем'і ахвяраў і просіць памаліцца і перажыць у веры гэтую трагічную падзею.


Зараз следчыя спрабуюць усталяваць прычыны трагедыі. Некаторыя жыхары горада сцвярджаюць, што ў момант аварыі чулі выбух. Але МУС Іспаніі заявіла, што гэта быў не тэракт. Імаверна, прычынай надзвычайнага здарэння стала значнае перавышэнне хуткасці. У выніку чаго цягнік не ўпісаўся ў паварот.