У Іране сёння пачаліся прэзідэнцкія выбары

14 июня 2013

Да гэтай падзеі прыкавана ўвага і на Усходзе, і на Захадзе. Ад выніку галасавання залежыць, па якім шляху Тэгеран пойдзе далей. У мінулым шумная выбарчая кампанія. На высокую пасаду прэтэндуюць 6 чалавек. Відавочнага фаварыта няма. І палітолагі лічаць, што спатрэбіцца другі тур галасавання.


Расказвае Аляксандра Пінчук.


У спісе на пасаду прэзідэнта Ірана - 6 чалавек, якія прадстаўляюць практычна ўсю палітычную палітру: ад рэфарматара да былога камандзіра корпуса Вартавых ісламскай рэвалюцыі. Больш за ўсё шанцаў стаць прэзідэнтам у мэра іранскай сталіцы - Махамадбакера Калібафа.


Махамадбакер Калібаф, кандыдат у прэзідэнты Ірана: У выпадку перамогі я абяцаю стварыць небывалы эканамічны прэцэдэнт. Але гэта можна будзе зрабіць, толькі калі вы ўсе прыйдзеце на выбары і створыце небывалы палітычны прэцэдэнт.


У Тэгеране Калібафа паважаюць. Мудры кіраўнік, моцны гаспадарнік. З такім лідарам, як за каменнай сцяной.


Мехрад Везінежад, спецыяліст па Блізкім Усходзе: Вынікі сацыялагічных апытанняў паказалі, што ў тройцы лідараў на дадзены момант - Махамадбакер Калібаф, Хасан Роўхані і Саід Джалілі. Двое з іх пройдуць у другі тур. Не выключаю, што хтосьці набярэ дастаткова галасоў для перамогі ўжо сёння.


Саід Джалілі адстойвае пазіцыю Ірана па ядзернай праграме на перамовах з Захадам. Ён самы малады кандыдат. Джалілі ўсяго 47. Пагаворваюць, што менавіта яму аддае перавагу духоўны лідар краіны аятала Алі Хаменеі.


Саід Джалілі кандыдат у прэзідэнты Ірана: Нават калі нам спатрэбіцца 20-працэнтны ўзбагачаны ўран, мы абаронім сваё права на яго вытворчасць.


Палітолагі не раяць не браць пад увагу і былога міністра замежных спраў Ірана Алі Акбара Велаяці.


Мехрад Везінежад, спецыяліст па Блізкім Усходзе: З 1981-га года па 1997-мы Велаяці займаў адказную пасаду ў Міністэрстве замежных спраў. Ён кансерватар, які карыстаецца важкай падтрымкай у меджлісе.


Зрэшты, перамога любога з кандыдатаў, упэўненыя эксперты, наўрад ці прывядзе да кардынальных змяненняў у палітыцы ісламскай рэспублікі. Тым больш, што асноўны курс вызначае духоўны лідар краіны.