У Інтэрнэце апублікавалі відэа з камер назірання пачатку пажару ў Кемераве

31 марта 2018

У Інтэрнэце апублікавалі відэа з камер назірання пачатку пажару і эвакуацыі ў гандлёвым цэнтры ў Кемераве. Ролік выклаў жыхар горада Ігар Вострыкаў, які страціў у гэтай трагедыі траіх дзяцей, жонку і сястру. Каменціруючы запіс, Вострыкаў сцвярджае, што ў адной з кіназалаў - чырвонай - дзверы нейкі час былі зачыненыя. Калі б з гэтага памяшкання своечасова пачалася эвакуацыя, ахвяраў, магчыма, было б менш.

Па справе аб пажары ў ТЦ "Зімовая вішня" праходзяць сем фігурантаў. Усе яны арыштаваныя да 25 мая. Сярод затрыманых - Юлія Багданава, кіраўнік кампаніі, якой належаў згарэлы комплекс. Ёй прад'яўлены абвінавачанні ў парушэнні патрабаванняў пажарнай бяспекі. Пад арыштам і Танзілія Камкова, былая начальніца кемераўскага Дзяржбуднагляду. Яна абвінавачваецца ў злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі, бо не перашкодзіла адкрыццю самавольна ўзведзенага будынка. Ахвярамі трагедыі ў кемераўскай "Зімовай вішні" сталі 64 чалавекі, больш за 40 з іх - дзеці.