У Германіі падчас пажару пацярпелі пяцёра мігрантаў

4 сентября 2015

На захадзе Германіі пяць чалавек пацярпелі падчас пажару ў лагеры для бежанцаў недалёка ад Франкфурта. Адзін з іх ратаваўся ад агню і выскачыў з другога паверха, яшчэ чацвёра атруціліся чадным газам. Паліцыя разглядае пакуль усе версіі, у тым ліку і падпал.

Расказвае Аляксандра Пінчук. Чарговаму пажару ў лагеры для бежанцаў папярэднічалі падзеі ў Хайдэнау пад Дрэздэнам, дзе знаходзіцца адзін з цэнтраў па прыёме мігрантаў. На некалькі дзён напрыканцы жніўня горад стаў арэнай жорсткіх сутыкненняў паліцыі і правых радыкалаў. У Брандэнбургу невядомыя спалілі спартзалу, у якой планавалася пасяліць мігрантаў. Аналагічныя інцыдэнты былі зафіксаваныя ў Берліне і Баварыі.

Сотні нелегальных мігрантаў правялі мінулую ноч у вагонах за 40 кіламетраў на захад ад венгерскай сталіцы - на станцыі Бічке, дзе знаходзіцца лагер для бежанцаў. Мігранты настойваюць на тым, каб іх адвезлі на мяжу з Аўстрыяй. Спецыяльны цягнік быў выдзелены напярэдадні венгерскімі ўладамі нібы для таго, каб даставіць бежанцаў на мяжу. Аднак склад туды не даехаў. У чацвер паліцыя сілай высаджвала мігрантаў і іх дзяцей з цягніка. Адбыліся сутыкненні.

У італьянскі порт Месіна прыбыло судна з нелегальнымі мігрантамі. Усяго на яго борце знаходзілася звыш 800 чалавек. У большасці сваёй ураджэнцы Эрытрэі. Павдле звестак паліцыі горада, на гэты раз удалося затрымаць двух арганізатараў незаконнай перавозкі людзей. Гэта грамадзяне Туніса і Лівіі. Арыштаваныя даюць паказанні. Паліцэйскія спадзяюцца, што новыя звесткі дазволяць выявіць новыя каналы перавозчыкаў. Паводле звестак Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, з пачатку 2015 года ў Міжземным моры загінулі больш як дзве з паловай тысячы бежанцаў.

Чацвёра арганізатараў незаконнай перавозкі бежанцаў арыштаваныя і ў Турцыі. Іх падазраюць у смерці 12-ці сірыйскіх мігрантаў. Сярод якіх было 5 дзяцей. Цела аднаго з іх - 3-гадовага хлопчыка Айлана - хваляй выкінула на пляж ля горада Бодрум. Усе затрыманыя - грамадзяне Сірыі ва ўзросце ад 30 гадоў да 41 года. Іх падазраюць у незаконнай перавозцы бежанцаў з Турцыі ў Грэцыю на лодцы па Эгейскім моры. Маці і брат Айлана таксама патанулі, не дабраўшыся да Еўропы. У жывых застаўся толькі яго бацька.