У Гамбургу сёння першы дзень саміта Вялікай дваццаткі

7 июля 2017

У горад з'ехаліся лідары найбуйнейшых краін свету. Галоўныя тэмы форуму - барацьба з тэрарызмам, клімат, глабальны эканамічны рост, гандаль, а таксама лічбавая эканоміка, міграцыя, ракетная і ядзерная праграмы Паўночнай Карэі. У рамках саміта пройдзе і шэраг двухбаковых сустрэч. Самая чаканая - прэзідэнтаў Расіі і ЗША. Яна стане першай праз амаль паўгода пасля ўваходжання Трампа на пасаду.

Высокім гасцям у Гамбургу рады не ўсе. За некалькі дзён да пачатку форуму ў горад пачалі з'язджацца антыглабалісты, эколагі і іншыя праціўнікі саміта G20. Дэманстрацыі ў Гамбургу праходзяць штодня і нярэдка сканчаюцца беспарадкамі і сутыкненнямі з паліцыяй. Мінулая ноч не стала выключэннем. Як толькі пацямнела, актывісты пачалі біць вітрыны, падпальваць машыны і кідаць камяні і бутэлькі ў праваахоўнікаў. Пацярпелі больш за 70 паліцэйскіх.