У Еўропе лічаць бессэнсоўным закрываць межы

17 марта 2020
Аб неэфектыўнасці закрыцця меж у барацьбе з распаўсюджваннем COVID-19, што неаднаразова падкрэслівала САЗ, гавораць і еўрапейскія палітыкі і эксперты. 

Цалкам бессэнсоўнымі назваў меры па закрыцці меж  галоўны эпідэміёлаг Агенцтва грамадскай аховы здароўя Швецыі. "Мне вельмі цяжка зразумець, як гэта магло б дапамагчы нам. Няма даследаванняў, якія б паказалі гэта. Насупраць, гэта нанясе нам эканамічны ўрон", - справядліва мяркуе Андэрс Тэгнел.

"Агульныя забароны на паездкі не разглядаюцца САЗ як найбольш эфектыўныя", - нагадвае кіраўнік Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляйен. І таксама папярэджвае, што закрыццё меж нанясе дадатковы сацыяльны і эканамічны ўрон.

Канцлер ФРГ Ангела Меркель і раней заяўляла: "Мы ў Германіі мяркуем, што закрыццё меж не з'яўляецца адэкватным адказам на выклік". Важна, каб кожны рэагаваў на сітуацыю ўзважана і адэкватна.