У Еўропе Дзень Перамогі адзначаюць сёння

8 мая 2013

Акт аб капітуляцыі Германіі ўступіў у сілу  8 мая  1945 года ў  22:43  па цэнтральнаеўрапейскім часе. Ваенныя дзеянні былі спыненыя ў 23:01.  У сталіцы СССР Маскве  на той момант ужо надышло 9 мая. Таму ў еўрапейскіх краінах памятныя мерапрыемствы праходзяць на дзень раней. Па рашэнні ААН,  8 і 9 Мая абвешчаныя Днямі памяці і прымірэння.


Яны былі выклятымі ворагамі - рускі Валянцін Іваноў і немец  Карл Куль. 93-гадовы масквіч  прайшоў вайну ў савецкіх артылерыйскіх часцях,  90-гадовы жыхар нямецкага горада Драяйха  ваяваў  у зенітнай артылерыі люфтвафе. Але час лечыць -  праз доўгія гады былыя салдаты варагуючых армій  сталі сябрамі, таму што абодва ваявалі не па сваёй  волі.


Карл у канцы вайны быў узяты ў палон, пяць гадоў працаваў на савецкіх вуглездабыўных шахтах. Іван чатырохразова быў паранены, страціў руку ў баях за Познань, але не помсціў -  свята  шанаваў чалавечае жыццё.  Успаміны знайшлі адлюстраванне ў сумесных мемуарах сяброў   Адна вайна - два лёсы.


Гістарычная справядлівасць адноўленая.  У  Ірландыі ў гонар Дня Перамогі амнісціравалі  больш за 5  тысяч ветэранаў  Другой сусветнай, якія змагаліся на баку антыгітлераўскай кааліцыі ў брытанскіх і амерыканскіх войсках. На радзіме іх прызналі дэзертырамі і адкрыта дыскрымінавалі.   Толькі праз 68 гадоў парламент  адобрыў доўгачаканы законапраект.   Але большасці ветэранаў  так і не прыйшлося заслужана  здабыць добрае імя пры жыцці.


Дзень перамір'я і адначасова Дзень Перамогі над фашысцкай Германіяй. Сёння даніну памяці загінуўшым у баях за вызваленне аддаюць у  Парыжы і Бруселі.


Рускі салдат Валянцін Іваноў не раз паўтарае:  Спадзяюся, што больш нікому і ніколі не давядзецца пісаць свае ўспаміны аб вайне.  Нямецкі артылерыст   Карл Куль  жадае маладым ніколі не ўдзельнічаць у войнах і жыць у міры.