Больш падрабязна пра тое, што адбываецца ў Каіры і ў іншых гарадах Егіпта, у рэпартажы Вольгі Давідовіч.
Грошай усё менш - безуладдзе прцвітае. Такое цяперашняе становішча ў Егіпце. Эксперты гавораць: да поўнага эканамічнага краху краіне пірамід засталося не больш як некалькі месяцаў. Пры гэтым МВФ адмовіўся весці з новымі ўладамі Егіпта перамовы на палітычным узроўні аб выдаванні пазыкі, пакуль пераходны ўрад у Каіры не прызнае міжнародная супольнасць. Але новую ўладу не прызнаюць нават у самой краіне.
Супрацьстаянне паміж праціўнікамі і прыхільнікамі зрынутага прэзідэнта Махамеда Мурсі нарастае. І тыя, і іншыя пераходзяць да актыўных дзеянняў. Браты-мусульмане, як і абяцалі, учынілі сёння ў Каіры маштабны пратэстны марш і нават паспрабавалі сілай узяць міністэрства па справах рэлігіі. Уціхамірваць натоўп паліцыі прыйшлося слёзатачывым газам.
Паліцыі зноў прыйшлося выкарыстаць сілу пасля таго, як разлютаваныя ісламісты сталі граміць магазіны на найбліжэйшых вуліцах, што ў сваю чаргу выклікала рэакцыю ў адказ мясцовых жыхароў, якія з праклёнамі і камянямі атакавалі дэманстрантаў.
Браты-мусульмане аб'явілі мабілізацыю сваіх прыхільнікаў пасля новых пагроз з боку ўлад разагнаць іх сядзячую забастоўку ў егіпецкай сталіцы. Ёсць інфармацыя, што сілавікі плануюць блакіраваць раён і ўвесці туды бранятэхніку. Калі пачнецца спецаперацыя, пакуль не вядома. Не выключана, што ў самы найбліжэйшы час. Таму супрацоўнікі правапарадку заклікалі ўсіх мірных жыхароў раёна пакінуць свае дамы. А тым, каму няма куды ехаць, раяць шчыльна зачыніць вокны і дзверы на выпадак, калі маніфестанты паспрабуюць узяць кагосьці ў заложнікі. Прыхільнікі зрынутага прэзідэнта маюць намер трымацца да канца.
Сам Мухамед Мурсі пагражае аб'явіць галадоўку, калі вайскоўцы пачнуць разганяць яго прыхільнікаў. Аб гэтым ён напісаў у сваім пасланні камандзірам узброеных сіл. У лісце гаворыцца, што ён - адзіны, хто можа спыніць забастоўкі. Мурсі таксама запатрабаваў вызваліць яго і іншых лідараў Братоў-мусульман і гарантаваць ім імунітэт ад судовага праследавання.
Але цяперашняе кіраўніцтва краіны наўрад ці пойдзе на гэты крок. Яно мае намер сваімі намаганнямі спыніць пратэсты ісламістаў. Як менавіта - стане вядома ў самы найбліжэйшы час, пакуль жа арышт Мурсі падоўжылі на 15 сутак.
Краіна пірамід ужо два з паловай гады нясе вялізныя страты. Заводы стаяць, паток турыстаў вычэрпваецца. Навучаныя вопытам егіпцяне запасаюцца гаручым. Ужо пачынаюцца перабоі, на АЗС выстройваюцца доўгія чэргі. Бензін і іншыя тавары першай неабходнасці даражэюць, афіцыйная інфляцыя сёння амаль 10%. Мясцовы фунт абясцэніўся, золатавалютныя рэзервы амаль вычарпаныя.
Толькі за апошні месяц у выніку вулічных сутыкненняў у Егіпце загінулі ўжо некалькі сотняў чалавек, лік параненых вылічаецца тысячамі. А рашэння егіпецкага крызісу так ні ў каго няма.














