У Эфіопіі знайшлі бартавы самапісец самалёта, які разбіўся

11 марта 2019
Магчыма, ён пралье святло на прычыны крушэння новага лайнера. Пасажырскі "Боінг-737 МАХ-8" разбіўся напярэдадні раніцай  праз 6 хвілін пасля вылету з Адыс-Абебы. Загінулі 157 чалавек - грамадзяне 35 дзяржаў. Сёння ў Эфіопіі  жалоба.

10 сакавіка стала яшчэ адным журботным днём у гісторыі сусветнай авіяцыі. У Эфіопіі пацярпеў крушэнне пасажырскі самалёт, які выконваў рэйс у Кенію. "Боінг 737 МАХ-8" "Эфіопскіх авіяліній" вылецеў з аэрапорта Боле ў 8:38. Пілот амаль адразу запрасіў у дыспетчараў дазвол на вяртанне ў авіягавань, аднак ужо праз 6 хвілін лайнер знік з радараў. 

Першае паведамленне аб трагедыі з'явілася ў "Твітэры" прэм'ер-міністра Эфіопіі. Карыстальнікі  палічылі, што акаўнт палітыка ўзламалі хакеры, і да апошняга не верылі ў  тое, што адбылося. 

Аднак неўзабаве высветлілася, што паведамленне не фэйк. Самалёт упаў за 60 кіламетраў ад аэрапорта. Пасля падзення машына загарэлася. Усе 149 пасажыраў і 8 членаў экіпажа загінулі.

Джэймс Мачарыя, міністр транспарту Кеніі: "Мы можам пацвердзіць, што на борце былі грамадзяне прынамсі 35 нацыянальнасцяў. Гавару менавіта ў такой фармулёўцы, таму што на гэты момант двое яшчэ невядомыя. Найбольшая колькасцьк ахвяр  з Кеніі - каля 32  са 149 пасажыраў".

У спісах загінуўшых акрамя  32 кенійцаў  18 канадцаў, 9 французаў, 8 кітайцаў, 8 амерыканцаў, 7 брытанцаў, 6 егіпцян, а таксама грамадзяне Галандыі, Індыі, Славакіі, Аўстрыі, Швецыі, Расіі і Польшчы. Гэта турысты, бізнесмены і  супрацоўнікі ААН. Некалькім падарожнікам пашчасціла - затрымкі стыковачных рэйсаў выратавалі іх ад гібелі.

Прычына авіякатастрофы пакуль невядомая. Праводзіцца расследаванне. Аднак эксперты заяўляюць, што да аварыі прывяла тэхнічная няспраўнасць у сістэмах самалёта мадэлі "Боінг 737 МАХ-8", яна звязана з працай руля вышыні. Машына можа раптам сыходзіць у піке пры ўзлёце. Так было ў Інданезіі з тым жа "Боінгам 737 МАХ-8". Летась у кастрычніку ў Джакарце загінулі 189 чалавек. Борт упаў у Яванскае мора. Іншыя прычыны цяжка ўявіць, бо самалёт быў новым - знаходзіўся ў эксплуатацыі ўсяго 4 месяцы. За штурвалам  вопытны лётчык, які налятаў 8 тысяч гадзін. 

Пасля катастрофы ў Эфіопіі шэраг краін з мэтай бяспекі забараніў палёты "Боінг 737 МАХ". А сама амерыканская авіякарпарацыя да высвятлення акалічнасцяў трагедыі адклала прэзентацыю найноўшага лайнера "Боінг 777Х". Яна была запланавана на 13 сакавіка.