У Данецкай і Луганскай абласцях будуць створаны ваенна-грамадзянскія адміністрацыі

5 марта 2015

Ва Украіне сёння дзень жалобы па загінуўшых на шахце імя Засядзькі ў Данецку. Паводле ўказа прэзідэнта Пятра Парашэнкі, сёння па ўсёй тэрыторыі Украіны прайшла хвіліна маўчання, прыспушчаны дзяржаўныя флагі, адменены забаўныя мерапрыемствы і спартыўныя спаборніцтвы. Выбух на шахце прагрымеў напярэдадні раніцай з-за выкіду метану. Пад зямлёй знаходзіліся 230 гарнякоў. Большасць з іх атрымалася своечасова падняць на паверхню, 33 гарнякі загінулі. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выказаў спачуванні прэзідэнту Украіны, сем'ям, родным і блізкім загінуўшых.

Украінскія войскі працягваюць другі этап адводу цяжкага ўзбраення з лініі размежавання на ўсходзе краіны, прадугледжаны мінскімі пагадненнямі. Рэактыўныя сістэмы залпавага агню "Град" перадыслакуюць на падрыхтаваныя межы. Раней назіральнікі АБСЕ зафіксавалі адвод самаходных артылерыйскіх установак і супрацьтанкавых гармат. Сёння Пётр Парашэнка падпісаў указ, паводле якога ў Данецкай і Луганскай абласцях будуць створаны ваенна-грамадзянскія адміністрацыі.