У Бруселі праходзіць выніковае пасяджэнне Савета ЕС

14 декабря 2015

У гэтыя хвіліны ў бельгійскую сталіцу з'язджаюцца міністры замежных спраў 28 еўрапейскіх дзяржаў.

Галоўныя тэмы - сітуацыя з бежанцамі і барацьба з тэрарызмам. Паводле апошніх звестак Міжнароднай арганізацыі па міграцыі, сёлета ў пошуках лепшага жыцця ў Еўропу прыбылі 985 312 нелегалаў. Больш за ўсё змушаных перасяленцаў прыняла Грэцыя - больш як 800 000 чалавек.

Праз міграцыйны крызіс, з якім сутыкнулася Германія, у краіне павялічваецца колькасць беспрацоўных. Паводле даных за лістапад, іх колькасць у Германіі перавышае два мільёны шэсцьсот тысяч чалавек. Нямецкія ўлады маюць намер скараціць наплыў бежанцаў да мінімуму, пра гэта заявіла канцлер Ангела Меркель. Краіна неўзабаве можа пачаць адмаўляць бежанцам у прыёме ўжо на мяжы.

Латвія, каб абараніцца ад бежанцаў, пачала будаўніцтва агароджы даўжынёй 90 кіламетраў на мяжы з Расіяй. Загарода будзе абсталявана камерамі назірання і сэнсарнымі сістэмамі. На ўмацаванне мяжы на працягу чатырох гадоў латвійскія ўлады маюць намер выдаткаваць больш як тры мільёны еўра.