У аэрапорце Гаваны сустрэліся Патрыярх Кірыл і Папа Рымскі Францыск

13 февраля 2016

Падзея, якую ўжо называюць гістарычнай. У аэрапорце Гаваны сустрэліся Патрыярх Кірыл і Папа Рымскі Францыск. Будынак першага тэрмінала аэрапорта імя Хасэ Марці ў гэты дзень быў закрыты для пасажыраў. Там размясцілі журналістаў, якія і асвятлялі гэтую падзею. Папам Рымскім Францыскам і Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам была падпісаная дэкларацыя, што заклікае міжнародную супольнасць згуртавацца ў барацьбе з тэрорам і ўстаць на абарону хрысціян Блізкага Усходу.

Расказвае Аляксандра Пінчук.

Размова Пантыфіка і Прадстаяцеля Рускай праваслаўнай царквы доўжылася дзве гадзіны. Рэлігійныя лідары надалі ўвагу сітуацыі на Блізкім Усходзе і ў Паўночнай Афрыцы, дзе цэлыя сем'і, вёскі і гарады знішчаюцца, а хрысціянскія цэрквы па-варварску разбураюць і рабуюць. Руйнуюць помнікі. Папа Рымскі Францыск і Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл заклікалі сусветную супольнасць згуртавацца, каб пакончыць з насіллем і з тэрарызмам, і адначасова шляхам дыялогу садзейнічаць хутчэйшаму дасягненню міру.

Папа Рымскі Францыск: "Мы размаўлялі як браты - адкрыта і без недагаворак. Мы гаварылі пра нашыя цэрквы, і мы абодва бачым, што адзінства дасягаецца ў дарозе".

Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл: "Вынікі гэтай размовы даюць мне магчымасць сказаць, што дзве царквы могуць сумесна працаваць, абараняць хрысціян, сумесна працаваць для таго, каб не было вайны, каб паўсюль паважалася чалавечае жыццё".

І Папа, і Патрыярх пасля сустрэчы яшчэ раз падкрэслілі: яны не сапернікі, яны - браты. Папа Рымскі Францыск адправіўся з Гаваны ў Мексіку з пропаведдзю міру і міласэрнасці, а Патрыярх Кірыл затрымаецца на Кубе. Ён сустрэнецца з былым лідарам краіны Фідэлем Кастра і правядзе набажэнства ў храме Казанскай іконы Божай Маці ў старой частцы Гаваны.