У аэрапортах Расіі сталі больш жорсткімі правілы правозу вадкасцяў на бартах лайнераў

9 января 2014
Пакуль новаўвядзенне закранула толькі некалькі паветраных гаваняў, але неўзабаве, мяркуюць спецыялісты, новыя меры бяспекі будуць уведзеныя па ўсёй краіне. Што можна браць з сабою ў самалёт, а што прыйдзецца пакінуць у багажы - высвятлялі нашы карэспандэнты.

Расказвае Юрый Казлоў.


Інфармацыя аб узмацненні мер бяспекі ў аэрапортах Расіі з'явілася на сайце Федэральнага агенцтва паветранага транспарту напярэдадні. З вечара серады падчас праходжання перадпалётнага надгляду вадкія рэчывы - у тым ліку, касметыку і сродкі гігіены - пасажырам рэкамендавана здаваць у багаж. За некаторымі выключэннямі.

Медыкаменты, якія патрэбныя пасажырам на пастаяннай аснове, а таксама прадметы і сродкі асабістай гігіены, якія забяспечваюць жыццядзейнасць пасажыраў падчас палёту, не забароненыя і дапушчаюцца да правозу ў ручной паклажы пасля іх ідэнтыфікацыі службамі авіяцыйнай бяспекі аэрапорта і праходжання праверкі бяспекі з выкарыстаннем тэхнічных сродкаў надгляду і выяўлення выбуховых рэчываў.

У аэрапортах рэкамендацыю ўспрынялі па-рознаму. Паводле дадзеных расійскіх СМІ, у большасці рэгіянальных паветраных гаваняў новыя правілы пакуль не дзейнічаюць - вадкасць на борт лайнера можна пранесці свабодна. Праўда, у аб'ёме, які не перавышае сто мілілітраў. Падобная сітуацыя і ў сталічным Дамадзедаве. А вось ва Унукаве і Шарамеццеве да просьбы Расавіяцыі паставіліся значна больш сур'ёзна, забараніўшы пранасіць на борт самалётаў нават лекі і сродкі гігіены.

Усе вадкасці, уключаючы сродкі асабістай гігіены, касметычныя сродкі, медыкаменты, аэразолі і гелі ў любых ёмістасцях, у тым ліку, сродкі, якія выкарыстоўваюцца ў мастацкай дзейнасці (фарбы, грунты, клеі), павінны здавацца ў багаж.


Зрэшты, пазней у прэс-службе Шарамеццева ўдакладнілі: пасажыра з лекамі ў самалёт усё-такі пусцяць. Але толькі пасля прад'яўлення адпаведнай даведкі з медустановы. Зараз расіяне чакаюць афіцыйных каментарыяў і дадатковых тлумачэнняў ад Расавіяцыі. У агенцтве паветранага транспарту тым часам просяць пасажыраў з разуменнем паставіцца да новых мер. У ведамстве падкрэсліваюць, што новаўвядзенні носяць часовы характар і перастануць дзейнічаць у сакавіку гэтага года - хутка пасля заканчэння зімовай Алімпіяды ў Сочы.