Узровень тэрарыстычнай пагрозы ў Лондане не будзе павышацца

23 марта 2017

Прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі заявіла, што ўзровень тэрарыстычнай пагрозы не будзе павышацца. Падчас учарашняй атакі ў Лондане, паводле апошніх звестак, загінулі ўжо 5 чалавек, 40 пацярпелі ля будынка брытанскага парламента. А літаральна некалькі гадзін таму былі эвакуіраваныя пасажыры са станцыі метро "Паўночны Грынвіч" з-за падазронага прадмета. Усе падрабязнасці ў Аляксандры Пінчук.

Тэракт адбыўся ў 14:40 (па мясцовым часе) у адным з самых папулярных сярод турыстаў месцаў Лондана: невялікі цёмна-шэры пазадарожнік, які ехаў па Вестмінстэрскім мосце, заехаў на тратуар, збіўшы некалькі чалавек, даехаў да будынка парламента, а там машыну спыніла паліцыя. Зламыснік ударыў 20-сантыметровым нажом паліцэйскага, які памёр ад ран. Скотленд-Ярд назваў імя загінуўшага ля парламента паліцэйскага. Гэта 48-гадовы Кіт Палмер. Як паведамляецца, ён праслужыў у паліцыі 15 гадоў. Злачынца застрэліў іншы супрацоўнік паліцыі.

Тэрэза Мэй, прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі: "Дазвольце мне выказаць спачуванне загінуўшым і пацярпелым пры тэракце. Я таксама хачу падзякаваць супрацоўнікам паліцыі і экстранных службаў, якія працавалі на месцы злачынства, ад імя ўсёй краіны за тое, што яны робяць, каб супакоіць грамадскасць і гарантаваць бяспеку на вуліцах нашай сталіцы".

Сярод параненых на Вестмінстэрскім мосце трое паліцэйскіх, тры школьнікі з Францыі і пяць турыстаў з Паўднёвай Карэі. Пакуль ніводная экстрэмісцкая арганізацыя не ўзяла на сябе адказнасць за напад. Паліцыя лічыць, што злачынец мог быць звязаны з міжнароднымі ісламісцкімі тэрарыстычнымі групоўкамі.

Марк Роўлі, кіраўнік антытэрарыстычнага падраздзялення паліцыі Скотленд-Ярда: "Паліцыі вядомая асоба тэрарыста. Аднак пакуль рана называць яго імя. Ідзе расследаванне, і спецслужбы зараз спрабуюць выявіць звязаных з ім людзей, а таксама магчымых саўдзельнікаў. Усё здарэнне зафіксавалі камеры назірання".

Адразу пасля тэракта паліцыя ачапіла і будынак парламента, і рэзідэнцыю прэм'ер-міністра. Было спынена кола агляду "Лонданскае вока", закрыта станцыя метро "Вестмінстэр". Рух на найбліжэйшых вуліцах быў таксама спынены.

"Людзей на вялікай хуткасці збіваў аўтамабіль. Нібы ў Галівудскім баевіку. Турыстаў побач было вельмі шмат. Там былі жанчыны, дзеці. Я толькі потым зразумеў, што апыніся я на метр бліжэй да машыны, я б таксама трапіў пад колы".

Адна з жанчын спрабавала ўхіліцца ад пазадарожніка і трапіла пад колы аўтобуса, што праязджаў побач. Яшчэ адна скокнула з моста ў раку. І хаця Вестмінстэрскі мост вельмі высокі, яе змаглі дастаць з вады жывой. Зараз жанчына ў бальніцы. Адзін мужчына, пераскочыў цераз агароджу моста, упаў не ў ваду, а на набярэжную і разбіўся.

"На свае вочы я бачыў, дзесьці 5 чалавек ляжалі на зямлі. Ніхто не зразумеў, што адбываецца. Ён рухаўся зігзагамі, усё адбылося вельмі хутка, прыкладна за 10 секунд".

"Мы былі на мосце. Нам здалося, што мы пачулі выстралы, павярнуліся і ўбачылі аўтамабіль, які ўрэзаўся ў жанчыну. Я думаю, што гэта была жанчына, я не на сто працэнтаў упэўненая. І я чула яе крыкі. І тады мы зноў пачулі выстралы і павярнуліся - на зямлі былі целы".

Роўна год таму тэракты адбыліся і ў цэнтры Бруселя. Тады ахвярамі нападаў і выбухаў сталі звыш 30-ці чалавек, яшчэ больш 320-ці пацярпелі. Адказнасць узялі на сябе баевікі групоўкі "Ісламская дзяржава". Кім быў спланаваны новы тэракт у Лондане, пакуль невядома.