Ураган "Патрысія" можа прынесці на захад Мексікі паводкі і апоўзні

24 октября 2015

Саслаб, але ўсё яшчэ вельмі небяспечны. Ураган "Патрысія" можа прынесці на захад Мексікі паводкі і апоўзні. У раёнах, якія трапілі ў гэтыя выхадныя пад уплыў стыхіі, ідуць праліўныя дажджы. У трох мексіканскіх штатах, размешчаных на шляху ўрагану, было аб’яўлена надзвычайнае становішча. Праводзіцца эвакуацыя насельніцтва. У Тэхасе, дзе таксама чакаюць узмацнення дажджоў, часова закрыты шэраг аўтатрас. Расказвае Аляксандра Пінчук.

Аж да суботы спецыялісты называлі ўраган "Патрысія" самым небяспечным у гісторыі амерыканскага кантынента. Але калі стыхія дасягнула берагу штата Халіска ў заходняй частцы Мексікі, метэаролагі зафіксавалі рэзкае паслабленне ветру ў эпіцэнтры стыхіі, прысвоіўшы ўрагану больш нізкую (умераную) катэгорыю па шкале Сафіра-Сімпсана. Як адзначыў сёння прэзідэнт Мексікі Энрыке Пенья Ньета, разбурэнні ад стыхіі пакуль што мінімальныя. У той жа час мексіканскі лідар адзначыў, што жыхарам штатаў, якія апынуліся на шляху ўрагану, варта заставацца ў сховішчах.

Энрыке Пенья Ньета, прэзідэнт Мексікі: "Усю мінулую ноч тысячы добраахвотнікаў прымалі ўдзел у падрыхтоўцы насельніцтва да магчымых наступстваў урагану. Нашай галоўнай задачай заўсёды застаецца абарона жыцця і дабрабыту мексіканцаў. Менавіта таму я настойваю - нам пакуль нельга спыняцца на дасягнутым. Самая небяспечная частка ўрагану яшчэ толькі ўваходзіць на тэрыторыю краіны, да таго ж, чакаюцца дажджы на ціхаакіянскім узбярэжжы і ў розных штатах у цэнтры і на паўночным усходзе краіны".

Рыхтуюцца да наступстваў сутыкнення часткі ўрагану "Патрысія" з навальнічным фронтам, які рухаецца ёй насустрач, і ў штаце Тэхас. Там ужо ідуць праліўныя дажджы, што прывяло да адмены або адтэрміноўцы парадку 4 сотняў авіярэйсаў у Даласе. Сіноптыкі прагназуюць на ўікэнд надзвычай багатыя ападкі. Чакаюцца паводкі і перабоі з электрычнасцю. Улады Тэхаса рыхтуюць спеццэнтр, дзе пацярпелыя атрымаюць магчымасць заставацца пад назіраннем урачоў. Грамадзян заклікаюць не пакідаць свае дамы, калі гэта магчыма.