Ураган "Ірма" саслаб да першай катэгорыі

11 сентября 2017

Але яшчэ сёння ўначы яму прысвойвалі чацвёртую ступень. У Фларыдзе ўсё яшчэ дзейнічае рэжым стыхійнага бедства. Без святла засталіся больш за тры мільёны дамоў. Вуліцы фінансавага раёна Маямі ператварыліся ў рэкі, аэрапорт - у возера. Узровень вады ў горадзе Нейплс за паўтары гадзіны падняўся на два метры. На ўзбярэжжа абрынуліся хвалі вышынёй да чатырох з паловай метраў. Паведамляецца пра першых загінуўшых. Жыцці траіх забралі аўтакатастрофы, яшчэ адзін чалавек памёр у сховішчы - не вытрымала сэрца. Раней улады загадалі эвакуіраваць больш як шэсць мільёнаў чалавек, але многія не захацелі пакінуць свае дамы. Зараз у спусцелых гарадах на ўсю моц гаспадараць марадзёры. У Форт-Лодэрдэйле абрабаваны магазін, злачынцы ўжо затрыманыя.

У сацсетках набірае папулярнасць відэа і фотаздымкі з зоны ўрагану. Карыстальнікі публікуюць кадры, дзе вецер прыгінае пальмы да зямлі. Сёрферы вырашылі выкарыстаць моманты і злавіць самыя экстрэмальныя хвалі, якія могуць апынуцца смяротна небяспечнымі. Ёсць смельчакі, якія знялі на відэа вышыню ўздыму вады ў жылых дамах. Мужна ўспрымаюць ураган і беларусы, якія жывуць у ЗША.