Там прайшла нефармальная сустрэча кіраўнікоў МЗС краін АБСЕ. Пасяджэнне, у якім прынялі ўдзел міністры замежных спраў з сарака краін, было скліканае па ініцыятыве дзеючага старшыні АБСЕ, кіраўніка знешнепалітычнага ведамства ФРГ Франка-Вальтэра Штайнмаера. Ён нагадаў калегам аб важнасці выканання мінскіх пагадненняў і заклікаў бакі канфлікту не адыходзіць ад дасягнутых дамоўленасцяў.
Франк-Вальтэр Штайнмаер, міністр замежных спраў Германіі: "Я, як і многія іншыя, незадаволены тэмпамі рэалізацыі мінскіх пагадненняў. Але да таго часу, пакуль усе зацікаўленыя бакі прытрымліваюцца дамоўленасцяў, дасягнутых у Мінску, мы павінны выкарыстоўваць усе магчымасці, каб крок за крокам дасягнуць прагрэсу нават нягледзячы на тое, што часта гэты рух літаральна міліметр за міліметрам".
Удзел у патсдамскай сустрэчы прыняў і кіраўнік беларускага МЗС. Уладзімір Макей выклаў бачанне нашай краіны ў дачыненні да развіцця сітуацыі ў сферы бяспекі ў рэгіёне АБСЕ. Міністр, у прыватнасці, адзначыў рост напружанасці і розных пагроз. Разам з тым дыпламат заклікаў партнёраў па АБСЕ да сумесных дзеянняў па аднаўленні жыццяздольнасці рэжыму кантролю над звычайнымі ўзбраеннямі ў Еўропе, гарманізацыі інтэграцыйных працэсаў і ўрэгуляванні канфліктаў, у тым ліку таго ж украінскага крызісу. Уладзімір Макей пацвердзіў гатоўнасць нашай краіны ўсяляк садзейнічаць гэтым працэсам.













