Спыніць агонь з сённяшняга дня зноў паспрабуюць бакі канфлікту на ўсходзе Украіны. Такі галоўны вынік пасяджэння першай у новым годзе сустрэчы трохбаковай кантактнай групы.
Акрамя таго, Украіна разгледзіць магчымасць адкрыцця пунктаў пропуску для транспарту з Луганска. Таксама варагуючыя бакі дамовіліся наконт вызвалення больш чым 50-ці палонных. Гэта заявіў спецпрадстаўнік АБСЕ Марцін Сайдзік.
Марцін Сайдзік, спецпрадстаўнік АБСЕ у кантактнай групе: "Украінскі бок заявіў, што разгледзіць адкрыццё пунктаў пропуску для цывільнага транспарту і гуманітарных грузаў Луганска. Гэта, з майго пункта погляду, станоўчае развіццё перамоў. Сёння гуманітарная падгрупа абмяркоўвала магчымыя паляпшэнні ўмоў для цывільнага насельніцтва ў пунктах пропуску на лініі судотыку з-за халадоў. Рабочая група па палітычных пытаннях прадоўжыла разгляд пытанняў амністыі і правядзення выбараў".
Наступнае пасяджэнне трохбаковай кантактнай групы адбудзецца ў Мінску 20 студзеня. Задачы на гэты год былі сфармуляваныя лідарамі "нармандскай чацвёркі". Уладзімір Пуцін, Ангела Меркель, Франсуа Аланд і Пётр Парашэнка абмеркавалі пытанне 30 снежня падчас тэлефоннай гутаркі. Бакі дамовіліся падоўжыць тэрмін дзеяння мінскіх пагадненняў яшчэ на год. Кантактнай групе трэба будзе выпрацаваць закон аб мясцовых выбарах у асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласцей. Мяркуецца, што падрыхтоўка дакумента завершыцца ўжо да канца студзеня.













