Украіна падводзіць вынікі парламенцкіх выбараў

27 октября 2014

Свежыя звесткі Цэнтрвыбаркам паведамляе амаль кожныя паўгадзіны. Да гэтага моманту апрацаваныя крыху больш за 25% бюлетэняў. Канчатковыя вынікі абяцаюць не раней за вечар серады. Тым не менш, эксперты сцвярджаюць, што ў тым раскладзе, які ўжо вызначыўся, мала што зменіцца. Безумоўныя лідары - прапрэзідэнцкі Блок Пятра Парашэнкі і прэм'ерскі Народны фронт - набіраюць прыкладна пароўну. У 15 акругах Данецкай і Луганскай абласцей выбары не праводзіліся. Ад гэтага ў новым складзе Рады будзе менш дэпутатаў: 423 замест 450. Але гэта, паводле слоў прадстаўнікоў украінскага ЦВК, ніяк не паўплывае на легітымнасць новага парламента.


Расказвае Андрэй Нікалаенка: Паводле звестак ЦВК Украіны, яўка выбаршчыкаў на выбарах у Вярхоўную раду восьмага склікання склала крыху больш за 52%. Самая высокая актыўнасць выбаршчыкаў назіралася ў Цярнопальскай і Львоўскай абласцях: тут на ўчасткі дайшлі каля 70% зарэгістраваных выбаршчыкаў. Меней актыўнымі апынуліся жыхары сталіцы - трохі больш за 55%. Найменшы ж паказчык актыўнасці прадэманстравалі жыхары Адэскай, Луганскай і Данецкай абласцей - крыху больш за 30%. Аддаць свой голас украінскія выбаршчыкі маглі на больш як 29500 участках для галасавання, якія працавалі ў краіне.


Паводле інфармацыі нацыянальнага exit poll, у новы парламент Украіны праходзяць сем палітычных сіл. Гэта партыя прэзідэнта Блок Пятра Парашэнкі і Народны фронт прэм'ера Арсенія Яцанюка, якія, паводле папярэдніх звестак, набіраюць практычна аднолькавую колькасць галасоў - каля 22-23%. На трэцім месцы партыя Самадапамога мэра Львова Андрэя Садовага, трохі больш за 13%. Акрамя таго, у Вярхоўную раду праходзяць Апазіцыйны блок (былая Партыя рэгіёнаў), Радыкальная партыя Алега Ляшко, нацыяналістычная партыя Свабода на чале з Алегам Цягнібокам і партыя Юліі Цімашэнкі Бацькіўшчына.


Упершыню ў найноўшай гісторыі Украіны ў парламент не патрапяць камуністы, якія не змаглі набраць неабходныя для праходжання ў Раду 5%. Усяго трохі больш за працэнт на выбарах набраў экстрэмісцкі Правы сектар. Аднак яго лідар Дзмітрый Яраш усё ж атрымае дэпутацкае крэсла, бо балатаваўся па аднамандатнай акрузе ў Днепрапятроўскай вобласці.


Адразу ж пасля галасавання са зваротам да ўкраінцаў выступіў прэзідэнт краіны Пётр Парашэнка, у якім ён падзякаваў суграмадзянам за зроблены імі выбар.


Пётр Парашэнка, прэзідэнт Украіны: Вынікі выбараў прадэманстравалі ўпэўненую перамогу дэмакратычных праеўрапейскіх, праўкраінскіх сіл. І гэта дае нам шырокія магчымасці для развіцця і забеспячэння правядзення рэформ. У нас ёсць 10 дзён на тое, каб сфарміраваць кааліцыю і, я вельмі спадзяюся, на лепшы ўрад Украіны. Таму што ніякі іншы з тымі выклікамі, якія сёння стаяць перад краінай, не справіцца!.


Прынцыповую згоду на фарміраванне парламенцкай кааліцыі з прэзідэнцкім блокам ужо выказаў прэм'ер-міністр Арсеній Яцанюк. На яго думку, базай для стварэння новай кааліцыі павінна стаць дамова аб асацыяцыі паміж Украінай і ЕС.


У цэлым у краіне галасаванне прайшло адносна спакойна, парадак на выбарчых участках забяспечвалі амаль 60000 міліцыянераў. Зрэшты, без інцыдэнтаў усё ж не абышлося. Так, у Харкаве ў сутарэнні адной са школ, дзе праводзілася галасаванне, праваахоўнікі выявілі гранату без загваздкі. Там жа быў затрыманы мужчына, які прыйшоў на ўчастак з аўтаматам. Пад Кіевам сёння ўначы прадстаўнікі Правага сектара заблакіравалі адну з выбарчых камісій. Яны спрабавалі перашкодзіць дастаўцы бюлетэняў у акруговую камісію. Аднак, як засведчылі ў ЦВК Украіны, такія выпадкі ніяк не паўплываюць на вынікі выбараў.