Украіна рыхтуецца да інаўгурацыі новаабранага прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага

19 мая 2019

Ва ўкраінскім парламенце зарэгістравалі сем дат правядзення інаўгурацыі Уладзіміра Зяленскага. Дэпутаты два тыдні спрачаліся і толькі пару дзён таму прыйшлі да згоды.

Больш за тое, Уладзімір Зяленскі які кіруе працэсам праз Facebook, запрасіў усіх на анлайн-трансляцыю ўрачыстага мерапрыемства. І напісаў, што хацеў бы прынесці прысягу, гледзячы народу ў вочы. Але па рэгламенце павінен гэта рабіць перад дэпутатамі. 

Відавочна, што з новым прэзідэнтам Украіна атрымае і новых людзей на ключавых кіруючых пасадах. Так, Зяленскі ўжо паабяцаў прызначыць новага генпракурора. Зрэшты, чыноўнікі з каманды Парашэнкі і самі пакідаюць пасады, заяўляючы пра адстаўку. Менавіта так паступілі кіраўнік украінскага МЗС  Павел Клімкін і сакратар Савета бяспекі Аляксандр Турчынаў. 

А спікер Рады Андрэй Парубій паведаміў пра распад кааліцыі  ў сувязі з выхадам з яе складу фракцыі "Народны фронт". Зараз у дэпутатаў ёсць 30 дзён на фарміраванне новай большасці. Можна сказаць, што парламентарыі  на фоне чутак аб магчымым роспуску Рады Уладзімірам Зяленскім  зрабілі ход канём. Хітрасць у тым, што да фарміравання кааліцыі  распусціць палату нельга, а потым ужо будзе немагчыма  -  да парламенцкіх выбараў застанецца менш за паўгода. 

Хмары згушчаюцца і над пакуль яшчэ дзеючым прэзідэнтам Пятром Парашэнкам. Акруговы суд Кіева завёў справу, у рамках якой яму, а таксама яшчэ амаль дзвюм сотням чыноўнікаў хочуць забараніць выезд з краіны. Хто падаў іск - невядома, аднак ананім судзіцца з Нацпаліцыяй, СБУ і Дзяржпагранслужбай. Словам, лета ва Украіне калі і не будзе гарачым, то як мінімум  цікавым.