Яны пройдуць ужо ў гэту нядзелю. У Кіеў працягваюць прыбываць міжнародныя назіральнікі. Усяго на выбары было запрошана больш за 2 тысячы экспертаў з 19 краін, у тым ліку з Беларусі. Між тымі сёння стала вядома, што Украіна можа стаць парламенцкай рэспублікай - гэта адзін з пунктаў мемарандума міру і згоды, які напярэдадні быў адобраны Вярхоўнай радай. Чакаецца, што новы статус дзяржава атрымае ў рамках правядзення канстытуцыйнай рэформы. МЗС Расіі ацаніў прыняты мемарандум пазітыўна. Праўда, ратыфікацыю дакумента ў Маскве назвалі запозненым крокам. Прыхільнікі федэралізацыі мемарандум адхілілі. Кіраўніцтва так званай Данецкай народнай рэспублікі назвала дакумент папулісцкім. Дарэчы, на ўсходзе Украіны ўсё яшчэ працягваецца спецаперацыя. Гэтай ноччу мінамётнаму абстрэлу зноў падвергнуўся Славянск. Адзін са снарадаў, паведамляюць СМІ, трапіў у жылы дом, у якім нібы быў абсталяваны агнявы пункт апалчэнцаў. Ёсць пацярпелыя, аднак іх колькасць не ўдакладняецца. Адзначым, паводле звестак ААН, з пачатку крызісу ва Украіне каля 10 тысяч грамадзян былі вымушаны стаць бежанцамі. Часцей за ўсё, гэта жыхары ўсходніх рэгіёнаў, якія перабіраюцца з сем'ямі ў цэнтральныя і заходнія раёны Украіны.














