Украіна рыхтуецца абраць прэзідэнта

23 мая 2014

Ужо заўтра ў краіне дзень цішыні - забаронена любая агітацыя. Само галасаванне адбудзецца ў нядзелю. У выбарах удзельнічае рэкордная колькасць кандыдатаў - 20 чалавек. Але асноўная барацьба разгорнецца паміж бізнесменам Пятром Парашэнкам і экс-прэм'ерам Юліяй Цімашэнкай. Дарэчы, сёння стала вядома, што ў дзень выбараў улады прыпыняць сілавую аперацыю на ўсходзе Украіны. З адпаведнай заявай выступіў кіраўнік службы бяспекі Валянцін Налівайчанка. Між тым, сітуацыя ў Данбасе застаецца напружанай. У чацвер каля горада Валнаваха Данецкай вобласці ў выніку нападу невядомых загінулі 16 украінскіх вайскоўцаў. Сёння ля сяла Карлаўка адбылося баявое сутыкненне паміж прыхільнікамі федэралізацыі і байцамі добраахвотніцкага батальёна Днепр. І адны, і другія панеслі страты. Колькасць загінуўшых удакладняецца.