Сітуацыя вакол Сірыі застаецца напружанай. Магчымы ўдар ЗША і саюзнікаў адкладзены, але не адменены. Як перадаюць заходнія СМІ, Вашынгтон вядзе кансультацыі з Вялікабрытаніяй і Францыяй. І калі раней Лондан не быў гатовы падтрымаць Белы дом, то зараз заяўляе аб магчымасці прыняць удзел у атацы. Паводле звестак газеты "Дэйлі Тэлеграф", Тэрэза Мэй распарадзілася перамясціць брытанскія падлодкі на адлегласць ракетнага ўдару. У стане боегатоўнасці і ВПС каралеўства на Кіпры. Пры гэтым, як пішуць газеты, Мэй не збіраецца атрымліваць адабрэнне парламента на правядзенне ваеннай аперацыі. Тым часам ва Усходняй Гуце (да яе адносіцца і горад Дума) у найбліжэйшы час пачнуць працаваць спецыялісты арганізацыі па забароне хімзброі. Яны павінны вызначыць сапраўднасць паведамленняў аб праведзенай тут хімічнай атацы.













